Вало́тка ’пладовая частка проса’ (КЭС); ’галінка’ (Булг.). Рус. смал. волоть ’верхняя частка снапа’, укр. волот ’мяцёлка’, польск. włoć prosiana ’сумнік’, н.-луж. (w)łoś ’колас, катах’, чэш. (v)lat ’мяцёлка’, валаш. vlať ’колас аўса’, славац. lata ’гронкавае суквецце’, серб.-харв. вла̑т, славен. vlat ’мяцёлка, колас’, vlatka, vlatína ’мяцёлка’. Прасл. *voltъ/*voltь. І.‑е. паралелі: літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’, ст.-ірл. folt ’волас’, ст.-в.-ням. wald ’лес’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 64–70; Фасмер, 1, 344–345; Рудніцкі, 1, 470; Скок, 3, 609–610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́лас ’суквецце злакаў, суквецце з пладамі, насеннем гэтых раслін’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Ян., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Грам.). Укр. колос, рус. колос, ст.-рус. колосъ ’тс’, ст.-слав. класъ, балг. клас, макед. клас, серб.-харв. кла̑с, славен. klȃs ’тс’, польск. kłos, чэш. klas, славац. klas, в.-луж. kłos, н.-луж. kłos, палаб. klǎs ’тс’. Прасл. kolsъ мае бліжэйшую паралель у алб. kall ’колас’ (< kalsa). Цікава, што паралелей да гэтага слова ў балтыйскіх мовах няма. У іх існуюць адпаведнікі да іншай славянскай назвы коласа: прасл. voltъ (гл. валотка). Параўн. серб.-харв. вла̑т, славен. vlat, vlatka ’мяцёлка, колас’, літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’ (Мартынаў, Изоглоссы, 11). Можна меркаваць, што прасл. kolsъ — вынік кантактаў славян з палеабалканскім моўным масівам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асі́лак ’міфалагічная істота, волат; чалавек вялікай фізічнай сілы’. Рус. сіб. осилок ’сілач’, польск. osiłek ’тс’ (паводле Карловіча «з Літвы»). Пра міфалагічных асілкаў гл. Л. Бараг, Беларуская казка, Мн., 1969, 71–91. Можна лічыць слушным аднясенне слова асілак да ўласнабеларускай лексікі (Курс суч., 147). Этымалагічна няясна. Сувязь з дзеясловам асіліць (параўн. ст.-польск. usilca ’гвалціцель, грабіцель’) няпэўная насуперак «відавочнасці» па прычыне няяснасці ў гэтым выпадку словаўтваральнага тыпу (словы на ‑ак з ‑ъкъ ці ‑окъ, якія ўтвораны ад дзеясловаў, не абазначаюць звычайна жывыя істоты, хаця параўн. некаторыя агентыўныя словы ст.-рус. съвѣдъкъ, рус. подпи́лок, напилок; ездо́к, едо́к, седо́к маюць іншы націск, а парабак, падробак — іншае словаўтварэнне). Іванаў–Тапароў (Бел. лекс., 59) звязваюць асілак з асла ’камень’ і ўсёй індаеўрапейскай групай слоў тыпу ст.-ісл. hamarr ’молат’, ст.-іранск. asman ’неба’, ст.-інд. aśman ’камень’, што патрабуе ўдакладненняў. Мартынаў–Міхневіч («Маладосць», 1970, 7, 149) высоўваюць гіпотэзу пра сувязь слова асілак з балг. осил ’асцюк’, гоцк. ahs ’колас’, лічачы такое семантычнае развіццё паралельным бел. волат і валотка, ням. Riese ’волат’ і Reis ’парастак’, што выклікае пярэчанні, бо ў гэтым выпадку недастаткова тлумачыцца частка ‑іл‑, а памяншальная семантыка ‑ъкъ ці ‑окъ таксама патрабуе тлумачэнняў у сувязі з семантыкай ’волат’. Застаецца няясным пры гэтым, як тлумачыць выпадзенне элемента ‑t‑ (параўн. ‑ц‑ у асцюк).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)