ко́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; скончыцца, закончыцца. Канікулы кончыліся. □ Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень. Бажко. // Споўніцца, мінуць. Яму кончылася сем гадоў. // Спыніцца, перастаць. Дождж кончыўся так раптоўна, што не верылася. Карпаў. // Поўнасцю страціцца, расходавацца. Газа ў лямпе кончылася. □ Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Нарэшце лес кончыўся. Колас. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Вайна кончылася перамір’ем. Гульня кончылася перамогай.

3. Разм. Памерці ў пакутах. Седас ледзь не кончыўся, аслабеў, змардаваўся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пача́цца, ‑чнецца; зак.

1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.

2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.

3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)