бах, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, выстралу. «Бах! Бабах!» Гэта ўжо стралялі з вінтовак. Хомчанка.

2. у знач. вык. Разм. Адпавядае дзеясловам бахнуць — бахнуцца і бахаць — бахацца. Адзін прыйшоў з ружжом ды — бах! а другі колікам — і капец таму ваўку. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ўсты, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. □ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. □ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.

2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. □ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.

3. Нізкі, густы (пра голас, гук). А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.

•••

Тоўстая кішка гл. кішка.

Тоўсты часопіс гл. часопіс.

Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.

Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)