прыклы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Прыйсці куды‑н., клыпаючы, кульгаючы. Барэйка жыў на канцы сяла, так што мала хто бачыў, як ён учора пад вечар ужо прыклыпаў дадому на двух высокіх мыліцах. Скрыган. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разне́сціся, ‑нясецца; пр. разнёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Распаўсюдзіцца, пашырыцца. А на другі дзень слава аб .. [Сцёпавай] кнізе разнеслася на ўвесь атрад. Якімовіч. Неяк з самага рання ў нядзелю разнеслася чутка, што вярнуўся з фронту Уладыслаў Барэйка. Скрыган.

2. Прагучаць, стаць чутным на далёкую адлегласць. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Сухі звон разнёсся па кустах. Пташнікаў. Якаясь гармата, пэўна з тылу белафінаў, паслала сюды некалькі снарадаў. «Па машынах!» — разнеслася каманда. Беразняк.

3. перан. Хутка разысціся па чым‑н., у чым‑н. Па ўсяму целу маланкава разнеслася пякучая, затуманьваючая мозг гарачыня. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся, раздзяліцца (на часткі, групы і інш.). Кіеўская Русь падзялілася на дробныя княствы. □ Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Колас. Дзеці падзяліліся на два лагеры. Бядуля.

2. Размеркавацца пэўным чынам. Нашы функцыі падзяліліся.

3. Зрабіць падзел маёмасці, гаспадаркі. Браты падзяліліся. □ Ужо сам бацька пачаў пагаварваць аб тым, каб падзяліцца. Маўр.

4. Аддаць каму‑н. частку таго, што маеш. Падзяліцца грашамі. Падзяліцца запасам з таварышам. □ Ігнась дастаў з свайго мяшка сухары і таксама падзяліўся з хлопцамі. Чарнышэвіч. Калі ў твой дом пастукае бяда, Апошняю скарынкай падзялюся. Грахоўскі.

5. перан. Не супасці (пра думкі, погляды і пад.). — А скажыце, — парушыў.. [Нявідны] маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не? — Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Колас.

6. перан. Паведаміць аб сваёй рабоце, планах, перадаць свой вопыт. Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч. // Расказаць аб сваіх пачуццях, уражаннях і пад. Звычайна чалавеку лягчэй робіцца, калі ён падзеліцца сваім горам-бядой з другім чалавекам. Няхай. А што мне шчасця зычыць? Я шчаслівы. І гэтым шчасцем шчодра падзяліцца Гатоў з людзьмі, што скардзяцца на лёс... Панчанка.

7. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні. Семдзесят падзеліцца на пяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)