нарадалю́бства, ‑а, н.

Любоў да народа. Нарадалюбства Чачота не выходзіць за рамкі лагодных сімпатый да народа. Барысенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перае́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераемнага. Пераемнасць літаратурных традыцый. □ Кожны новы перыяд у развіцці мастацкай літаратуры.. звязаны гістарычнай пераемнасцю з папярэднім перыядам. Барысенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раша́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрысл. незал. цяпер. ад рашаць.

2. у знач. прым. Найбольш істотны, галоўны, асноўны. Рашаючы год пяцігодкі. □ Творчасць Пушкіна, Тогаля, Някрасава і іншых выдатных рускіх пісьменнікаў адыграла рашаючую ролю ў барацьбе перадавых беларускіх пісьменнікаў за рэалізм. Барысенка. // Які з’яўляецца канчатковым рашэннем, уяўляе сабой канчатковае рашэнне. [Васіль] ведаў, што слова Антося будзе рашаючае, і таму з нецярпеннем чакаў, пакуль той пачне гаварыць. Дамашэвіч.

•••

З рашаючым голасам гл. голас (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

травесці́, нескл., н.

Спец.

1. Адно з тэатральных амплуа, мужчынская або дзіцячая роля, якая выконваецца пераадзетай жанчынай, радзей — жаночая роля, якая выконваецца мужчынам. Ірына Ждановіч доўга іграла травесці, спрабавала ролі характарныя, захаплялася імі. Сабалеўскі. // у знач. прым. Пераадзеты ў касцюм другога полу. Актрыса-травесці.

2. Від гумарыстычнай паэзіі, блізкай да пародыі, які характарызуецца тым, што сур’ёзны змест увасабляецца ў камічнай форме. «Энеіда» — арыгінальны твор, які вырас на нацыянальнай глебе, на аснове беларускіх пародый — травесці. Барысенка.

[Фр. travesti.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пача́так 1, ‑тку, м.

1. Месца, пункт, з якога што‑н. пачынаецца; проціл. канец. Роў браў .. пачатак за вёскай, з балот. М. Ткачоў. У пачатку вёскі Салаўёў, адпусціў машыну .. і пайшоў далей пехатою. Шахавец.

2. Першы момант якога‑н. дзеяння, працэсу, з’явы. Пачатак жніва. Пачатак сеанса. □ Скончылася лета. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Колас. У засадзе [партызаны] ляжалі дзень, ноч і пачатак другога дня. Навуменка. [Васіль:] — Мне здаецца, што гэта пачатак нашай новай дружбы. Шамякін.

3. Аснова, крыніца, сутнасць чаго‑н. У творах ананімнай дэмакратычнай літаратуры прыкметна выяўляецца крытычны пачатак. Барысенка. У .. паэзіі [Някрасава] зліліся ў адно цэлае два процілеглыя пачаткі — і радасць і цяжкасць працы. Івашын.

4. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў). Асноўныя палажэнні, прынцыпы. Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы. Караткевіч.

5. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў); перан. Першыя праяўленні чаго‑н.; зачаткі. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.

6. толькі мн. (пача́ткі, ‑аў). Першыя, пачатковыя звесткі ў якой‑н. галіне ведаў; начаткі. Пачаткі матэматыкі. Пачаткі хіміі.

•••

Даць пачатак чаму гл. даць.

пача́так 2, ‑тка, м.

Суквецце з патоўшчанай воссю, на якой размешчаны кветкі або плады. Кукурузны пачатак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штуршо́к, ‑шка, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.

2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.

3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».

4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)