БАРЫСЕ́НКА Аляксандр Леанідавіч

(н. 31.5.1966, р.п. Касцюкоўка Гомельскай вобл.),

бел. спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Майстар спорту міжнар. класа (1991). Чэмпіён свету ў камандным заліку (1991) у складзе каманды СССР. Бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў камандным заліку (1994), прызёр этапаў Кубка свету ў асабістым першынстве (1993, 1994), прызёр Кубка свету ў камандным заліку (1991—93), 2-разовы чэмпіён СССР у асабістым першынстве (1991, зімовы і летні чэмпіянат).

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА Віктар Яўгенавіч

(н. 14.1.1951, г. Запарожжа, Украіна),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973; цяпер Бел. дзярж. ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і паўправаднікоў. Устанавіў шэраг заканамернасцяў цвердафазных працэсаў у матэрыялах мікраэлектронікі пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў іонаў, электронаў, фатонаў; прапанаваў прынцыпы мадэліравання электронных уласцівасцяў цвердацельных нанаразмерных структур.

Тв.:

Твердофазные процессы в полупроводниках при импульсном нагреве. Мн., 1992.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА Уладзімір Аляксандравіч

(25.1.1912, в. Пеніца Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 12.4.1993),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Сумскае артыл. вучылішча (1937), афіцэрскую артыл. школу (1950). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім і 2-м Бел. франтах. Удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Прыбалтыкі, Беларусі. У лютым 1944 каля Араніенбаўма (цяпер г. Ламаносаў, Расія) артполк пад яго камандаваннем знішчыў глыбокаэшаланіраваныя ўмацаванні, дзесяткі танкаў і гармат праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА Яўген Піліпавіч

(н. 25.7.1933, в. Хацкавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў БСГА (1957). З 1967 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1990 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па тэхналогіях прыгатавання кармоў з выкарыстаннем высокабялковых кармавых культур і сіласавання кармоў з зернефуражных культур у сумесі з бабовымі. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана сістэма інтэнсіўнага вядзення лугапашавай гаспадаркі.

Тв.:

Перспективные технологии заготовки травянистых кормов. Мн., 1990 (у сааўт.).

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́НКА Васіль Васілевіч

(25.4.1904, г. Барысаў — 26.7.1984),

бел. літ.-знавец, крытык. Акад. АН Беларусі (1969), д-р філал. н., праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1929). З 1924 на выкладчыцкай і навук. рабоце. У 1937—41 дырэктар Ін-та л-ры і мовы АН Беларусі. З 1946 дырэктар, з 1973 навук. супрацоўнік-кансультант Ін-та л-ры АН Беларусі. Даследаваў творчасць Ф.Багушэвіча («Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя», 1957), Я.Купалы, Я.Коласа, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Труса і інш. У некаторых працах 1930—40-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму («Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М.Гарэцкага», 1936; «Вораг пад маскай крытыка», 1937; «Аб ідэалагічных скажэннях у працы асобных літаратуразнаўцаў і крытыкаў», 1948, і інш.). Аўтар хрэстаматыі і падручніка для 8-га кл. «Беларуская літаратура» (1959, 19-е выд. 1978, з В.Івашыным). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977).

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Барысенка Леанід Анатолевіч

т. 18, кн. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Барысенка Міхаіл Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ Францішак Бенядзікт Казіміравіч

(21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.Х.Александровіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)