Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачуча́ць ’прыводзіць у стан свядомасці пасля амярцвення’ (Нас.), ачуча́цца, ачу́чывацца ’прыходзіць у прытомнасць’ (Нас.), рус. смал. очуча́ть, ц.-слав. ощущать ’адчуваць’ з ст.-слав. оштоуштати, польск. ocucać ’прыводзіць у прытомнасць’. Гл. ачуціць, параўн. Фасмер, 3, 180; Праабражэнскі, 1, 673 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)