Ато́рва ’вісус, гультай’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч.). Рус. маск. оторва, оторвиголова ’тс’. Параўн. сарвігалава; рус. сорванец, сорвиголова, укр. урвиголова, урвитель, зірвиголова. Паралелі шыбенік ’нягоднік’ (< ’павешаны’), укр. шибеник ’гультай’, польск. wisus, магчыма, рус. повеса з аналагічным пераасэнсаваннем даюць магчымасць прыняць як дапушчальнае этымалагічнае тлумачэнне Насовіча, 377: «нібы сарваўся з шыбеніцы». Магчыма і іначай: параўн. рус. сорваться с цепи, бел. дыял. сарвілаўшчына ’беднасць з-за ляноты’; рус. хоть голову оторви і інш. Так ці інакш аторва, сарвігалава адлюстроўваюць корань дзеяслова рв‑аць (гл.), у дадзеным выпадку з прэфіксам ато‑ (*otъ‑); утворана слова як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́рвіняц ’жэўжык, свавольны хлапчук’ (З нар. сл.). Ад вы́рвацца, рваць, першапачаткова ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі абарвалася вяроўка)’; параўн. польск. urwaniec ’шыбенік’, рус. сорване́ц ’тс’, ато́рва ’тс’ (З нар. сл.); у на месцы ы — характэрная фанетычная асаблівасць гаворак поўдня Беларусі; параўн. вы́рвас ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свавольнік, гарэза, гарэзнік, шыбенік, шыбельнік, распуснік, буян; дураслівец, дуронік, балаўнік, пракуда, бузун, жэўжык, вісус, няўрымста (разм.); рэспуст, накольнік, узрэз, аторва (абл.); разбойнік (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Накольнік ’неслух, свавольнік, гарэза’ (Касп., Яўс., ТСБМ), накольніца ’круцёлка, гарэзніца’ (слуц., Жыв. сл.). Казлова (БЛ, 21, 62) лічыць, што яно ўтворана на базе прыметніка на́кальны ’ўпарты, разбэшчаны, дураслівы, непаслухмяны’ (гл.), і параўноўвае яго з балг. нако́лник ’вулічны хлапчук, вісус, гарэза’, што дае падставы для рэканструкцыі лакальнага прасл. *nakolьnikъ — суфіксальнага дэрывата ад прыметніка *nakolьnъjь. Балг. нако́лник выводзяць ад ко́ло ’кола’ (Младэнаў, 328) з першапачатковым значэннем ’вёрткі, рухавы чалавек’. Казлова (там жа) адносіць сюды ж бел. падкольнік ’чорт’, ’той, хто надакучае сваім свавольствам і пранырствам’, суадноснае з падкольны ’чартоўскі’, параўн. яшчэ подко́льная ’злы дух, які, паводле павер’яў простых людзей, жыве пад колам у млыне’ (Нас.). Іншы падыход дыктуе параўнанне з раскол ’разбойнік’, аскола ’вісус, чалавек, што ўсюды паспее’ (Бяльк.). Хутчэй больш прыдатнай з’яўляецца іншая этымалогія, згодна з якой на́кальны, параўн. таксама накольны ’даходлівы’ (Сцяшк. Сл.), відаць, ’праныра’, са спалучэння на кол (пасаджаны), пра што сведчыць і архаічны тып націску на прыстаўцы (прыназоўніку); семантычная паралель добра прадстаўлена ў аторва ’шыбенік, вісус’, рус. сорване́ц ’тс’, польск. urwaniec ’тс’, г. зн. ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі адарвалася вяроўка)’. Тады накольнік ’той, хто варты быць пасаджаны на кол’. Такая этымалогія не перашкаджае пагадзіцца з рэканструкцыяй праславянскага дыялектызма, прапанаванай Казловай, паколькі і балгарскія факты сведчаць аб такім жа паходжанні слова, параўн. тлумачэнне, якое даецца слову нако́лник ў слоўніку Герава — ’обесник, въжник’ (= ’шыбенік’), народную прымаўку: Събрали се ут кол, уд въже і тлумачэнне да яе ’набітыя на кол’ і ’павешання на вяроўцы’ (Сборник на Българско книж. дружество в София, 1, София, 1901, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)