апаяса́ць, апаяшу́, апая́шаш, апая́ша; апаяшы́; апаяса́ны; зак.

1. каго-што. Надзець на каго-н. пояс, падперазаць.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., што. Працягнуцца вакол чаго-н., абкружыць сабой.

Лес апаясаў вёску.

|| незак. апая́сваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. апаяса́цца, апаяшу́ся, апая́шашся, апая́шацца; апаяшы́ся (да 1 знач.); незак. апая́свацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апаяса́ць

дзеяслоў, пераходны, закончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. апаяшу́ апая́шам
2-я ас. апая́шаш апая́шаце
3-я ас. апая́ша апая́шуць
Прошлы час
м. апаяса́ў апаяса́лі
ж. апаяса́ла
н. апаяса́ла
Загадны лад
2-я ас. апаяшы́ апаяшы́це
Дзеепрыслоўе
прош. час апаяса́ўшы

Крыніцы: dzsl2007, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.

2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апая́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апаясаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаяса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апаясаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апераза́ць, аперажу́, апяра́жаш, апяра́жа; аперажы́; апяра́заны; зак., каго-што (разм.).

1. Надзець пояс, дзягу, апаясаць каго-, што-н.

2. перан. Абкружыць, абнесці, абгарадзіць што-н. чым-н.

Горад аперазалі земляным валам.

3. перан. Моцна ўдарыць, агрэць.

А. палкай па спіне.

|| незак. апяра́зваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абві́ць, абаўю́, абаўе́ш, абаўе́; абаўём, абаўяце́, абаўю́ць; абві́ў, -віла́, -ло́; -ві́; -ві́ты; зак.

1. што. Абматаць што-н. чым-н. або што-н. вакол чаго-н., апаясаць.

А. провад ізаляцыйнай стужкай.

А. косы вакол галавы.

2. каго-што. Аплесці галінамі (пра расліны).

Хмель абвіў слупы паркана.

3. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад.).

4. перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, жаданні, перажыванні).

5. Абхапіць, абняць рукамі.

Хлопчык абвіў бацькаву шыю.

|| незак. абвіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. абві́ўка, -і, ДМі́ўцы, ж. (да 1 знач.) і абвіва́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.

1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.

2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.

3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. абвёў, ‑вяла, ‑вяло; зак.

1. каго-што. Правесці каго‑н. вакол чаго‑н. // Правесці кружным шляхам, мінуўшы што‑н. // У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.

2. каго-што і без дап. Правесці чым‑н. вакол чаго‑н., зрабіць кругавы рух. Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.

3. Водзячы каго‑н., пабыць у многіх месцах. Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.

4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што‑н. чым‑н. Шляхі і крыніцы, Нават сны, як гарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.

5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам. Абвесці сад агароджай.

6. што. Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі. Абвесці рамкай тэкст. // Прачарціць па намечаных контурах. Абвесці узор чарнілам.

7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць. Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.

•••

Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць. [Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.

Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго‑, што‑н. — агледзець. Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)