Кні́га1 ’друкаванае або рукапіснае выданне ў форме збрашураваных і пераплётных разам аркушаў з тэкстам’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.). Укр. книга, рус. книга, ст.-рус. кънига ’тс’, ст.-слав. кънига, балг. книга, серб.-харв. књи̏га, славен. knjíga ’тс’, польск. księga, чэш. kniha, славац. kniha, в.-луж. kniha ’тс’. Запазычанне з усходніх моў не выклікае сумненняў. У якасці крыніцы — акад. kunukku ’пячатка’, праз арм. knik ’тс’. Гэты шлях запазычання культурных слоў адзначаецца і для іншай праславянскай лексікі (dorga ’тарговы шлях’, mědь ’назва металу’). Іншая версія: цюркская крыніца (ст.-цюрк. küinig < кіт. küen ’світак’). (Агляд версій аб запазычаннях гл. Фасмер, 2, 263; Слаўскі, 3, 272–273). Разам з тым ужо даўно высоўваліся гіпотэзы аб узнікненні слова кніга на славянскай моўнай глебе з тымі або іншымі асаблівасцямі, яны зводзіліся да прасл. kъniga < kъnъ ’пень’. Параўн. з пункту погляду семантыкі лац. codex ’пень’ > codex ’рукапіс, кніга’. Іншая інавацыя ад таго ж кораня — прасл. kъněja (гл. кнея) (агляд гэтых версій там жа, параўн. у апошнія гады Атрэмбскі WS, 12, 75–76; Шустэр–Шэўц, ZfSI, 16, 50–51). Асноўная цяжкасць тлумачэння kъniga < kъn‑iga — адсутнасць надзейных прыкладаў словаўтварэння з ‑iga. Прасл. veriga, якое прыводзяць Атрэмбскі і Шустэр–Шэўц, утворана ад дзеяслова verti і да таго ж узыходзіць да *veryga (SP, 1, 66). Іншыя прыклады або зусім не маюць этымалогіі, або таксама ўзыходзяць да ўтварэнняў з ‑yga.

Кні́га2 ’кнігаўка’ (Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., Серб., Маш., Янк. III, Дразд.). Параўн. кнігаўка (гл.). Укр. книга, рус. книга, чэш. kniha ’тс’. Распаўсюджанне гэтай лексемы незразумелае. Рускія формы книга і книгалка толькі на захадзе і поўдні. Таму асноўнай тэрыторыяй распаўсюджання трэба лічыць беларуска-ўкраінскі арэал. Адсутнасць у польскай мове пры наяўнасці ў чэшскай трэба ўдакладніць. Лічыцца гукапераймальным ад кні‑кні (Махэк₂, 263; ЕСУМ, 2, 473). Магчыма, аднак, сувязь з каня, канька (гл.) як назвамі чайкі. Ці не кніга < канька (> *кника > книга) або < канюка (*кнюка > *кніка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)