Абмага́ць ’перамагаць’, абмагчы ’падужаць, змагчы’ (Сцяц.). На магчымасць калькі з літ. apgalė́ti ’тс’ (да galė́ti ’магчы’) звяртае ўвагу Непакупны Baltistica, VII (1), 1971, 15. Ён бачыць у літ. apgalė́ti і pérgalėti (абсалютныя сінонімы, адпаведныя бел. абмагаць і перамагаць) рэпрэзентантаў дзвюх моўных зон, прычым формы з ap‑ (аб‑) цягнуцца да заходняй (прускай), параўн. ст.-прус. epwarisnan (він. скл.) перамога’ і лат. varet ’магчы’ (там жа, 14).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перале́злы ’стары’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Да пера- і ле́зці (гл.); звычайна аблезлы, разлезлы ’тс’; магчыма, тут мае месца канкурэнцыя прыставак *per‑ і *ab‑, характэрная для балта-славянскага пагранічча, параўн. перамагаць/абмагаць ’браць верх, адолець’ (Непакупны, Связи, 85).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перамо́га (пірямо́га) ’поспех у змаганні, на вайне; поўны поспех, трыумф’, ’пераадоленне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Бяльк.), перамага́ць ’пераадольваць’ (Шат., Касп.), ’браць верх’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’пераганяць каго-небудзь, апярэджваць’ (Ян.), перамагчы́, перамогчы́, пірямо́ч ’перамагчы’ (ТС, Сл. ПЗБ, Бяльк.), рус. смал. взяць перемо́гу ’ўзяць верх’. Укр. перемо́га, палт. перема́га ’перамога’, польск. малаўжывальнае і семантычна адрознае przemoga ’сіла, моц’, якія з’яўляюцца ўтварэннямі з прыстаўкі пера- і дзеяслова магчы (гл.) < прасл. *per‑ і *mogti > *per‑magati (параўн. яшчэ ст.-усх.-слав. перемогати ’намагацца перамагчы’ (1216 г.), перемогати се (1140 г.), перемочи ’перамагчы’ (1216 г.), а таксама польск. przemóc, przemagać, чэш. přemoci, přemáhati, славац. premôcť, premáhať, славен. premȏči, серб.-харв. према́гати ’перамагаць, перамагчы’) пры дапамозе суфікса ‑а з абстрактным значэннем (як слав‑а, кар‑а, а‑барон‑а, трав‑а). Аналагічная будова слоў з той жа семантыкай заўважана ў балт. мовах (Непакупны, Связи, 84–84): з прыстаўкай ap‑/ab‑ і дзеяслова са значэннем ’магчы’ — гэта пруска-літоўска-беларускі арэал (прус. ep‑war(r)īsnan (В. скл.) — літ. жамойцк. ap‑galė < паўд.-літ. ap‑galėti ’перамагчы’ — бел. гродз. абмага́ць (гл.) і з прыстаўкай per‑ літоўска-беларуска-ўкраінскі арэал (літ. per‑galė — бел. пера‑мога — укр. перемо́га).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)