Абдзяжу́ліць ’высцебаць дзягай, раменным пасам’ (Бяльк.), абдзяжуліць < *абдзяжуля < *абдзяжыць (параўн. абакуліць). Гл. дзяга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абаку́ліваць ’падманваць, ашукваць’ (Нас., Бяльк.), абакуліцца ’памыліцца’ (Нас., Яруш.), абакульнік ’ашуканец’ (Бяльк.), абакула ’той, хто ашуквае’ (Касп., Яруш.) < *о‑ба‑кул‑ити < *бакуля < *бакаць. Што датычыць словаўтваральнай мадэлі, параўн. абдзяжуліць (гл.). Рус. бакулить ’гаварыць, балбатаць’, бакуля, бакуня ’балбатун’, бакать ’гаварыць, балбатаць’. Параўн. ст.-польск. bakać, чэш. bakati ’зваць’ (< прасл. bajati ’гаварыць’). Інакш Фасмер, 3, 97, які абакуливать < аб + акула. Рус. окула ’ашуканец’ хутчэй за ўсё памылковая дэкампазіцыя ад обакулить, бакулить. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17. Гл. бакулы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)