Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвя́каць ’шумна перажоўваць’ (ТСБМ). Рус. жвакать, дыял. пск., смал., калін., кастр. жвякаць ’есці, жаваць, жвякаць, гаварыць’, укр. жвакати ’гучна перажоўваць’, польск. żwakanie śledziony ’гук, які ствараецца селязёнкай каня’ (у Сянкевіча, магчыма, з усх.-слав.). Чэш. žvýkati, славац. žviakať, ’перажоўваць, балбатаць’, в.-луж. žwakać, н.-луж. žwakaś ’перажоўваць’, балг. жвакам ’жаваць’, макед. жвака, џвака ’жаваць, балбатаць’, серб.-харв. жва́кати ’тс’, славен., žvekáti ’тс’. Кантамінацыя гукапераймальнага дзеяслова, на што ўказвае суфікс ‑ка‑, і кораня, прадстаўленага ў жаваць: *žьv‑, які, відаць, мог спалучацца як з тэмай ‑a‑, так і з інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такса́ма ’такім самым, падобным чынам, гэтак жа’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Нік. Очерки), ’такім спосабам’ (Сл. ПЗБ), ’аднолькава’ (Варл.), такса́мо ’гэтак, падобным чынам’ (ТС). Параўн. укр. такса́мо ’тс’, польск. tak samo ’тс’. Спалучэнне так (гл.) і сама (гл. сам) у ідэнтыфікацыйнай функцыі, параўн. такіса́мы ’гэтакі ж, такі ж’ (Вруб.), такі самы ’тс’ (Сцяшк. Сл.), што, паводле ESSJ (SG, 2, 590), прадстаўляе т. зв. агульнаеўрапейскі тып спалучэнняў, параўн. ням. derselbe ’той жа, той самы’, англ. the same ’тс’, франц. le même ’тс’, фін. tämä sama kirja ’тая самая кніга’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блазно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм.

1. Тое, што і блазан (у 1 знач.); малакасос. Дзіва што: ён жа ўжо не якая блазнота і яму смела можна даручыць такую важную справу! Якімовіч. [Гарашчэня:] — Малако матчына па губах не абсохла. Ай, блазнота! Гурскі. // зб. Малеча, драбяза (пра дзяцей). Ды смех пачуецца блазноты: Вясне так рады малышы. Колас.

2. Дураслівасць. Прафесар бачыў у паводзінах Сымонкі не зласлівасць і не простую дзіцячую блазноту. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акліматызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

Прыстасавацца да іншага клімату. — Шчыра кажучы, — загаварыў стары пасля моцнай зацяжкі, — на Сахаліне так акліматызаваўся, што, здаецца, лепшага месца і няма. Сіняўскі. Некалькі год назад з лесагадавальніка «Мяшчэрская», што на Арлоўшчыне, была завезена і белая акацыя; яна тут добра акліматызавалася. «Звязда». // перан. Прывыкнуць да новых абставін, асяроддзя (пра чалавека). Разам з імі завіхаецца над талеркай незнаёмы, і адчувае сябе нібы сярод сваіх. Акліматызаваўся! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нездарма́, прысл.

Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. [Рабочы] пахіліў .. [бочку], перакаціў на якога паўметра і рэзка апусціў на днішча. Лынькоў. Тут Сымонка скрыпку вын[я]ў, Чуць галоўку пахіліў І зайграў, ды так прыўдала, Як ніколі не іграў. Колас.

2. безас. Пацягнуць да каго‑, чаго‑н., на што‑н. Мінулі лета, восень, зіма, пайшло другое лета, а Хадоську не пахіліла да людзей. Мележ. Закружылася ў Адася галава, пахіліла на сон. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ‑мёрз, ‑мерзла; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу. Зашчэпка форткі, якую .. [Веля] ўзялася адчыняць, добра прымерзла. Савіцкі. Пахлі .. [бярвёны] смалой, лясной прэласцю, ігліцай, што прымерзла да вуглаватых камлёў з белымі елачкамі падсочкі. Шамякін.

2. Крыху, не поўнасцю замерзнуць; падмерзнуць. — Дзве каровы, як горы, зусім яшчэ свежыя.. Нават і прымерзлі крыху, так што мяса не трэба ні саліць, ні ў лядоўню цягнуць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)