ніжэ́й,
1. Выш. ст. да прысл. нізка 2.
2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.
•••
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паві́нен, ‑нна, у знач. вык. (часцей з інф., з дзеясл. «быць» або без апошняга).
Абавязан, вымушан што‑н. рабіць, або мець якую‑н. якасць. Мы павінны змагацца за мір. □ Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Карпаў. // Аб тым, што абавязкова здарыцца. Зацменне месяца павінна быць у 11 гадзін вечара. □ [Васіль:] — Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд... Васілёнак. // Ужываецца для вырашэння магчымасці, непазбежнасці чаго‑н. Ён павінен хутка з’явіцца. □ [Муляры] павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Чорны. Не мае права жартаваць .. [Марына сваім] лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. падвёз, ‑везла і ‑вязла; ‑везла і ‑вязло; зак.
1. каго-што. Давезці да якога‑н. месца, прывезці ў якое‑н. месца. Падвезці пасажыраў да вакзала. Падвезці дровы к дому. □ Уначы Валодзю падвезлі да вялікай паляны, на якой гарэлі тры кастры. Федасеенка. // Узяць каго‑н. па дарозе на воз, машыну і пад. — Можа, па дарозе? — паказаў .. [Максім Сцяпанавіч] у напрамку горада. — То падвязу. Карпаў. Бягуць [дзеці] услед за трактарамі І просяць, каб падвезлі іх На гэтых конях вараных. Танк.
2. што і чаго. Возячы, даставіць; прывезці дадаткова. Падвезці будаўнічыя матэрыялы. □ Зямельку трэба, падлагодзіць, Гнайку падвезці воз-другі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.
Зрабіць што‑н. касым, несіметрычным; скрывіць. Перакасіць раму. Перакасіць каўнер. □ Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць. Скрыган. / у безас. ужыв. Твар у .. [Алы] перакасіла гневам. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары. Карпаў.
перакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.
1. што. Скасіць далей за вызначаную мяжу. Дзямян з.. [Мікітам] не сварыўся, не пераараў яму мяжы, не перакасіў. Пестрак.
2. перан.; каго. Скасіць, знішчыць, загубіць усіх, многіх. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў, стралялі з гармат і быццам бы перакасілі процьму фашыстаў. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.
1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.
2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.
раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.
Збіраць у рой. Раіць пчол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спада́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да спасці.
2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.
3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарапо́к 1, ‑пка, м.
1. Абломак, асколак разбітага глінянага, чыгуннага або фарфоравага вырабу. На падлозе разам з гэтым ламаччам валяліся чарапкі разбітага посуду, патэльня. Чарнышэвіч. Тут жа ў чарапку ад разбітага чыгуна стаяла малако. Пальчэўскі.
2. Разм. Невялікі гаршчок, міска або кубак. [Віктар:] — Пойдзем шукаць гліны, можа злепім які чарапок. Маўр. [Кірыла:] — А калі ж чарапкі свае пазабіраеш? Там жа і формы гэтыя твае валяюцца, парасяты іх лычамі качаюць па дварэ, і вёдры, і цабэркі. Скрыган.
чарапо́к 2, ‑пка, м.
Разм. груб. Тое, што і чэрап. [Парубшчык] уцякаць кінуўся. Гарашун — за ім. І яму перапала — добра загрэў па чарапку. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згрупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., каго-што.
Аб’яднаць у групу (групы); размясціць групамі. Згрупаваць ударныя сілы войск. □ За гады вучобы ў школе Лена згрупавала вакол сябе верных сябровак. Няхай. // Раскласіфікаваць на аснове якіх‑н. аднародных прымет. Згрупаваць дэталі па іх форме. □ Калі згрупаваць фактары, якія залежаць і не залежаць ад прыродных умоў, і зрабіць разлік, то значнасць фактару прыродных умоў для прадукцыйнасці працы будзе больш відавочнай. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)