самату́жкі, ‑жак; адз. няма.

Разм. Прымітыўная павозка на двух колах, а таксама невялікія сані для перавозкі чаго‑н. саматугам. Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. Капыловіч. Упр[о]гшыся ў нагружаныя дрывамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць, моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́ністы, ‑ая, ‑ае.

Стройны, прапарцыянальна і прыгожа складзены. [Яніна] мела лагодныя, мілыя рысы твару, і хоць была ростам невысокая, але станістая, відная, уся такая прывабная — на яе неаднойчы з замілаванасцю заглядаліся тыя, хто ссумаваўся па дзявочай пяшчоце. Кірэенка. На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. Караткевіч. [Ксеня] — прыгожая і станістая, у самым росквіце гадоў кабета. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць страснага. Лірыка Петруся Броўкі ваенных гадоў была напоўнена вялікім пачуццём, страснасцю, гневам і болем. Звонак. Тут Генка з нечаканай для мяне страснасцю пачаў гаварыць, што за свабоду трэба змагацца. Рамановіч. Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узняць.

2. у знач. прым. Які ўзвышаецца, узносіцца ўверх. Высока ўзнятыя вяршыні гор.

3. у знач. прым. Радасна-ўсхваляваны. Хлопцы ішлі вясёлыя, і настрой у іх быў узняты. Колас. Кацярына так узнята Не была яшчэ ў жыцці. Хвалявалася занадта, Не магла ў сябе прыйсці. Броўка. // Узвышаны, урачысты (пра мову, стыль).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушы́ць, ушыю, ушыеш, ушые; зак., што.

1. Прышыць, прымацаваць. Залатала матка.. [Міхасёву] сярмягу, ушыла гузікі. Колас. // Прышыць, зашыць што‑н. унутр, устаўляючы ў што‑н. Яшчэ днём у мяшок з толам ушылі гранату «лімонку», да канца яе прывязалі сто метраў кабелю. Карпюк.

2. Паменшыць памеры чаго‑н., забраўшы лішняе ў швы. Пілотка была вялікая, і яе ўшылі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́т, ‑у, М ‑маце, м.

1. Памер кнігі, аркуша, старонкі і пад. У яркім убранні калон, у кветках і сцягах выдзяляецца каласальнага фармату кніга, на якой ззяе: «Праграма КПСС». «Звязда». Падпольная «Звязда» была невялікага фармату, але затое з яе старонак веяла баявым, наступальным духам. Пятніцкі.

2. У друкарскай справе — даўжыня і вышыня паласы набору, даўжыня радка.

[Ад лац. forma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фраму́га, ‑і, ДМ ‑музе, ж.

Верхняя створка акна ці дзвярэй. Будаўнікі зашклілі апошнія фрамугі новага корпуса. «Беларусь». Я ходу ў зямлянку, яна побач была. А медзведзяня малое шусь між ног са мною разам. Матка як убачыла, што дзіцяці няма, — як ламане дзверы тыя! Яны ў шчэпкі, а я неяк падскочыў, ды праз фрамугу, што над галавою. Карамазаў.

[Польск. framuga.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цветабо́й, ‑ю, м.

Разм. Час дружнага цвіцення раслін. Друг мой, павер, — хоць нас і дзеляць мілі, Душой і думкамі заўсёды я з табой, Жыву ўспамінамі, як некалі любілі Мы раннюю вясну і майскі цветабой. Васілёк. Вакол на лугавіне пад спакойным і добрым небам буйна цвілі травы: снежна-белыя, блакітныя, чырвоныя, пяшчотна-сінія... Была самая пара летняга цветабою. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йкаць ’квакаць’ (кобр., ДАБМ, камент., 895): жабы ра́йкаюць, сюды ж райкаце́ць ’тс’ (малар., там жа: райко́тятьвечарам). Дзеясловы на гукапераймальна-выклічнікавай базе (р)ай з адпаведным словаўтваральным афармленнем, параўн. адвыклічнікавыя рус. дыял. рай ’шумны, доўгі ці аддалены гул, грукат; водгалас, водгук, рэха’ і больш далёкае ц.-слав. раръ ’гук’. Першапачатковая семантыка дзеяслова была, відаць, менш спецыялізаванай, аб чым сведчаць рус. дыял. ра́йкий ’гучны, гулкі, з водгаласам’, ра́йкое место ’дзе голас гучыць і аддаецца рэхам’, ра́йко ’рэха, водгулле’, прысл. ’гулка, гучна, з рэхам’, ярасл. ’шумна’. Параўн. яшчэ ра́ўкаць (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 436 (прапанова звязаць рус. дыял. рай з назвамі драпежных птушак, якія працягваюць прасл. *rarogъ, не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)