зме́рзнуць і змёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змёрз, змерзла і змёрзла; зак.
1. Моцна азябнуць, акалець. Рукі змёрзлі. □ Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Маўр. // Загінуць ад моцнага холаду, марозу; замерзнуць. І грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей на старых курганах». Броўка.
2. Сапсавацца, пашкодзіцца ад марозу, холаду. Бульба ў капцы змерзла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
давалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. давалок, ‑лакла, ‑ло; заг. давалачы; зак., каго-што.
Разм. З цяжкасцю данесці, давезці, дацягнуць да якога‑н. месца. Давалачы лодку да ракі. □ Хлопцы хутка давалаклі.. [ваўчанё] да месца, успіхнулі на павозку. Якімовіч.
•••
Ног не давалачы — не мець сіл дайсці куды‑н. — Дадому ты такі не пойдзеш, — запярэчыў Ёська. — Ты і ног туды не давалачэш. — Яшчэ і цябе давалаку, гавары вось хутчэй пра справу ды пойдзем. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разахво́ціцца, ‑ахвочуся, ‑ахвоцішся, ‑ахвоціцца; зак.
Разм.
1. Пачаць адчуваць мацнейшую ахвоту, жаданне рабіць што‑н. [Хлопцы] паставілі кошыкі, а самі збіралі ягады і поўнымі жменямі кідалі ў рот.. І так разахвоціліся, што і на час забыліся. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара і ўсю наступную ноч. Кірэенка.
2. Страціць ахвоту, жаданне рабіць што‑н. Распутаў [каня Алесь], .. хацеў ўскочыць... Але нешта разахвоціўся — павёў, трымаючы за аброць. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Тое, што і падраўнаваць. — Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач.
2. Размясціць у рад па прамой лініі. Ужо роту падраўняў старшына.., далажыў капітану Ігнатаву. Алешка.
3. перан. Зрабіць аднолькавым, аднастайным у якіх‑н. адносінах. Увайшоў Сяргей.. — Ого! Зусім не пазнаць, — заўважыў Максім.. — Толькі трэба схадзіць у цырульню, — параіла Вера. — Трохі падраўняць валасы. Шавялюры не шкадуй, хутка адрасце. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазла́зіць, ‑злазіць; ‑злазім, ‑злазіце, ‑злазяць; зак.
1. Злезці адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Паліцыянты пазлазілі з веласіпедаў і, грозна пакрыкваючы на нас, ішлі абочынамі дарогі. Брыль.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць з паверхні чаго‑н. Хутка рана загаілася зусім, пазлазілі струны і са спіны, кабылка пакруглела, нават павесялела. Дамашэвіч.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Знацца з чаго‑н. — пра ўсё, многае. Хусткі пазлазілі з галоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палыно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палыну. Палыновы пах. □ Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер. Савіцкі. // Які зарос палыном. Палыновы стэп. // перан. Горкі, як палын. Гэта праўнукі тых, што хадзілі сюды басанож, з палыновай горыччу ў сэрцы. Брыль.
2. Зроблены з палыну. Палыновым венікам.. [Акуліна] змяла з падлогі склычаныя недакуркі. Вітка. // Настоены на палыне. Палыновая настойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́й, ‑ю, м.
1. Стан душэўнай трывогі, хвалявання, выкліканы чым‑н. Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Колас. Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. З надыходам восені ўсё з большым непакоем заглядваў Шыманскі на малочную ферму. Дуброўскі.
2. Турботы, клопаты. Мой непакой за спраўнасць ахоўвання межаў радзімы развеяўся [на заставе] вельмі хутка. Брыль. Смокча душу балючы непакой: як.. [сын] там ходзіць ці бегае, з кім, дзе, чаго? Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нечака́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няро́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць няроўнага (у 1–6 знач.).
2. Упадзіны і ўзвышшы на паверхні чаго‑н.; адсутнасць прамых ліній. Ішлі .. [людзі] хутка, але ногі іх зморана чапляліся за няроўнасці глебы, за траву. Шамякін.
3. Адсутнасць роўнасці ў чым‑н. Эканамічная няроўнасць. □ Рана.. [Я. Купала] спазнаў сацыяльную няроўнасць, рана навучыўся разумець, што такое панскае багацце і мужыцкая нядоля. Івашын.
4. У матэматыцы — алгебраічны выраз, які паказвае, што адна велічыня большая або меншая за другую.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)