зало́г, ‑у, м.

1. Тое, што і заклад. Ён да таго цынічны, гэты Гайдач, што бярэ ў залог срэбныя і залатыя рэчы. Бядуля. Пасля сканчэння следства Танка выпусцілі да суда пад залог 200 злотых. У. Калеснік.

2. перан. Доказ, сведчанне, гарантыя чаго‑н. Залог дружбы. □ У шчырай адданасці Хв. Шынклера тэме чыгункі беларускія літаратары бачылі залог будучых поспехаў пісьменніка. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згусці́цца, ‑ціцца; зак.

Стаць густым або больш густым. Цеста згусцілася. Хмары згусціліся. □ Усюды стала цямней, паветра згусцілася, павільгатнела, і гарадскія лямпачкі ледзь толькі блішчалі. Кулакоўскі. / Пра цемнату, змрок і пад. Цёмная сінь згусцілася на даляглядзе. Чорны. Змрок згусціўся да таго, што за пяць крокаў не разбярэш: чалавек ідзе ці куст пасоўваецца насустрач. Пташнікаў.

•••

Атмасфера згусцілася гл. атмасфера.

Хмары згусціліся гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бэ́сціць, бэшчу, бэсціш, бэсціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Лаяць, зневажаць, ганьбіць. Наталля гнеўна бліснула вачамі: не, таго, што яна лічыць святым, яна бэсціць не дасць! Скрыган. — Дурань стары! — ўскрыкнула аж бабулька і сціхамірылася, выліўшы вон усё накіпелае, забыўшыся, што, мо, і не след перад малым бэсціць гэтак дзеда. Шынклер.

2. Брудзіць, псаваць, даводзіць да непрыгоднасці што‑н. Бэсціць вопратку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляту́н, летуна, м.

Разм.

1. Той, хто лятае. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны. В. Вольскі. // Пра таго, хто здольны хутка перамяшчацца, імчацца, скакаць і пад. Гэта не конь, а лятун.

2. перан. Зневаж. Той, хто часта мяняе месца працы з-за асабістай выгады. — Толькі ведай: летуноў я не люблю. І на машыну пакуль што разлічваць табе цяжка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дастатко́вы, ‑ая, ‑ае.

Якога хапае для чаго‑н., здольны задаволіць якія‑н. патрэбы. Апроч насеннага фонду, калгас меў у дастатковай меры хлеба ў зерні для свайго спажывання і для корму жывёлы. Колас. На абход балота, калі немцы паспрабуюць гэта зрабіць, ім спатрэбіцца не менш гадзіны — час, дастатковы для таго, каб атрад дайшоў да лесу. Шамякін. // У патрэбнай меры абгрунтаваны, важкі. Дастатковыя падставы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мудрэ́ц, ‑раца, м.

1. Мудры, разумны чалавек. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [Паўлавай] памяці, а цяпер ён стаіць як бы збоку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыццё. Колас.

2. Іран. Пра таго, хто хітруе. Дырэктар, слухаючы Косцю, усё больш ды больш хмурыўся і дыміў. Потым з ноткай расчаравання ў голасе прамовіў: — Так вы ўсё і вырашылі? Мудрацы-ы! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нае́дак, ‑дку, м.

Разм. Тое, чым можна наесціся; пажыўнасць яды. Яблыкі — не вялікі наедак. Які з цукерак наедак? □ Даўгулевіч.. абсмоктваў гусіныя лапкі. Наедак, праўда, невялікі, але Даўгулевіч не мог ад яго адарвацца. Гурскі. [Цешча:] — Ат, кідай сёрбаць, які з таго варыва наедак. Я табе, Міхаська, лепш драчонаў.. дам. Б. Стральцоў. // Пажыва. У засені зараснікаў нерухома стаяць вялізныя, як плашкі, шчупакі, пільнуючы сабе наедку. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.

2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)