блеск м.

1. бляск, род. бля́ску м.; бліск, род. блі́ску м.;

2. перен. бляск, род. бля́ску м., бліску́часць, -ці ж.;

говори́ть с бле́ском гавары́ць бліску́ча (красамо́ўна);

3. / желе́зный, свинцо́вый блеск жале́зны, свінцо́вы блішча́к;

во всём бле́ске ва ўсёй красе́ (ва ўсім бля́ску);

с бле́ском бліску́ча.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

свиде́тельствовать несов.

1. све́дчыць;

очеви́дец свиде́тельствует відаво́чца (відаво́чнік) све́дчыць;

2. (служить свидетельством) све́дчыць, гавары́ць (пра што), пака́зваць (што);

успе́хи нау́ки и те́хники свиде́тельствуют о расцве́те культу́ры по́спехі наву́кі і тэ́хнікі све́дчаць (гаво́раць) пра ро́сквіт культу́ры (пака́зваюць ро́сквіт культу́ры);

3. (осматривать) агляда́ць;

свиде́тельствовать больно́го агляда́ць хво́рага;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тон, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі ваганнямі паветра; музычны гук у адрозненне ад шуму.

Узяць высокі т.

2. мн. Гукі сэрца, якое працуе, а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры выстукванні ўнутраных органаў цела чалавека.

Чыстыя тоны сэрца.

3. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць.

Знізіць т.

4. Характар гучання маўлення, манера гаварэння.

Жартаўлівы т.

Рэзкі т.

5. Характар, стыль паводзін, жыцця.

Правілы добрага тону.

6. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці.

Тканіна, афарбаваная ў спакойны т.

Цёплы т.

Светлы т.

У тон (пад тон)

1) пра гармонію колераў, адценняў колеру;

2) у тым жа духу, стылі;

3) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рамані́ць ’ціха стукаць (пра дождж)’ (Растарг.), ра́маць ’стукаць’ (Мат. Гом.). Чэш. romoniti ’шалясцець, цурчаць; громка гучаць’, славац. romoniť ’грымець, трашчаць’, параўн. славен. разьян. romoniti ’размаўляць, гаварыць’, серб.-харв. ромо̀нити ’балбатаць, мармытаць, шаптаць’, балг. ромо́ня ’цурчэць; ціха гаварыць, гаманіць’, макед. ромо́ни ’шалясцець, цурчаць’. На аснове аддзеяслоўных назоўнікаў Бязлай (3, 195) рэканструюе прасл. *romonъ ’шум, шалясценне, цурчанне, гоман’ (< і.-е. *re(i̯)‑ ’крычаць, раўці, стукаць, грукаюць’, параўн. ст.-сканд. rōmr ’голас’, італ. rumore ’шум’, лац. rumor ’віск’), а таксама дзеяслоў *romoniti (*ramaniti, гл. БЕР, 6, 319). Гл. таксама Скок, 3, 158. Словаўтваральнай асновай мог быць гукапераймальны корань *rom‑/*ram‑, параўн. славен. rompompom ’гукаперайманне грукату’, rompljati ’грукаць, стукаць’, славен. romon ’шум, мармытанне’, харв. romon ’тс’, romoriti ’гучаць, шумець’. Борысь у экспрэсным славін.-каш. x‑ram‑ota‑ć ’бразгатаць, грукаць, брахаць (пра сабак)’, xramot ’брацанне, лязганне, грукат, брэх’ адзначае паралельнае выкарыстанне суф. ‑ota‑/‑oni‑ з семантыкай узмацнення дзеяння ў анаматапеічных дзеясловах, напрыклад, кашуб. fafrotać/fafronić ’балбатаць, вярзці’ (Борысь, Leksyka słów., 26). Іншыя экспрэсіўныя дзеясловы з элементам ram‑: польск. дыял. chrampać ’прасоўвацца з шэлестам’, chramastać ’есці з храбусценнем’, падляш. chramać ’есці, грызці’. Першаснае значэнне элемента ‑ram‑ (варыянт ‑chram‑) магло быць менавіта ’шалясценне, хрусценне’ (Борысь, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.

Разм.

1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.

2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.

1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.

2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.

•••

Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.

Гладзіць супраць шэрсці кагогаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верш, ‑а, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.

3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.

•••

Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.

Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.

Белы верш — тое, што і вольны верш.

Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.

Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крамо́ла, ‑ы, ж.

1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.

2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́жучы,

Дзеепрысл. незак. ад казаць.

•••

Інакш кажучы (у знач. пабочн.) — іншымі словамі.

Карацей кажучы (у знач. пабочн.) — коратка, без падрабязнасцей, сцісла.

Між (паміж) намі кажучы — тое, што і між (паміж) намі (гл. мы).

Мякка кажучы (у знач. пабочн.) — ужываецца як напамін пра тое, што гаворачая асоба знарок пазбягае рэзкіх слоў аб кім‑, чым‑н.

Не тут кажучы (казана) (у знач. пабочн.) — выражае пажаданне, каб тое непрыемнае, пра што ідзе размова, мінала ўдзельнікаў гутаркі.

Няўрокам кажучы (у знач. пабочн.) — каб не сурочыць.

Па праўдзе кажучы (сказаць); праўду кажучы (сказаць) (у знач. пабочн.) — гаварыць шчыра, адкрыта.

Уласна кажучы (у знач. пабочн.) — па сутнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)