тавары́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да таварыша (у 1, 2 знач.). Мы шчаслівыя жыць,.. штодзённа адчуваючы дабратворную цеплыню і натхняючую сілу бескарыслівай узаемадапамогі і таварыскай падтрымкі. Машэраў.
2. Уласцівы таварышу, таварышам; шчыры, сяброўскі. Тое, што за звычайнымі таварыскімі словамі таілася і нарастала больш глыбокае пачуццё, Паходня разумеў, але недастаткова ўяўляў, як іх адносіны могуць развівацца далей. Хадкевіч. Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. Лынькоў.
3. Кампанейскі, які лёгка ўступае ў кантакты з другімі; згаворлівы. [Самуйлёнак] быў вельмі таварыскім і ўважлівым да людзей, у якіх прыкмячаў здольнасці і працавітасць. Хведаровіч. І сапраўды, ён [мінамётчык] усім спадабаўся: шчыры, няхітры, таварыскі. Грамовіч.
4. Які не мае афіцыяльнага характару (пра спартыўныя спаборніцтвы). Таварыская сустрэча хакейных каманд.
•••
Таварыскі суд гл. суд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тво́рчасць, ‑і, ж.
Дзейнасць чалавека, накіраваная на стварэнне культурных, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару. Колас. [Бондар] песціў у сваім сэрцы агромн[іст]ую радасць творчасці. Ён бы жадаў выказаць вяскоўцам,.. як трэба разумным вокам выбіраць дрэва на клёпкі, на дны, на начоўкі, як зграбна можна гэтыя пасудзіны рабіць. Бядуля. // Вынік гэтай дзейнасці; сукупнасць усяго створанага кім‑н. У цяжкай шматгадовай барацьбе Заходняй Беларусі за сваё вызваленне выключную ролю адыграла творчасць Янкі Купалы. Таўлай.
•••
Народная творчасць — а) від духоўнай творчай дзейнасці народа, што выяўляецца ў вуснай паэзіі, музыцы і іншых відах мастацтва; б) сукупнасць твораў, якая з’явілася ў выніку такой дзейнасці народа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́мба, ‑ы, ж.
1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара. Па краях стаяць спецыяльныя тумбы ці урны, каб вадзіцелі здалёк маглі заўважыць пляцоўку ці абмінуць. Жычка.
2. Падстаўка для чаго‑н. у выглядзе такога слупка. У пакоі стол з букетам палявых кветак .. Масіўная тумба з вазонам. Чорны. // Ніжняя частка пісьмовага стала ў выглядзе невялікай шафкі з шуфлядамі. За сталом з дзвюма тумбамі сядзеў другі міліцыянер .. і вадзіў алоўкам па аркушы паперы. Арабей.
3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад. Вось .. [чалавек] спыніўся ля круглай рэкламнай тумбы, заклеенай мноствам аб’яў. Мехаў.
4. перан. Разм. зневаж. Пра тоўстага чалавека. Бургамістр .. гыркнуў па сваю палавіну. — Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ім, панам афтэрам, скакаць з вамі, тумбамі! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлефо́н, ‑а, м.
1. Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку. Бяганская.
2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон. Краўчанка. // Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас. Барадулін.
•••
Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.
Абарваць тэлефон гл. абарваць.
Вісець на тэлефоне гл. вісець.
Сядзець на тэлефоне гл. сядзець.
[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэндэнцы́йнасць, ‑і, ж.
1. Наяўнасць якой‑н. ідэі, тэндэнцыі ў мастацкім, публіцыстычным і пад. творы; ідэйная накіраванасць. З усіх прамоў дэпутатаў думы .. [Лабановіч] выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Колас. Гаворачы пра тэндэнцыйнасць творчасці таго ці іншага мастака, Маркс і Энгельс разумелі пад ёю перш за ўсё свядомую накіраванасць яго поглядаў. «Маладосць».
2. Наяўнасць тэндэнцыі (у 4 знач.) у творы мастацтва; прамалінейнасць, якая не атрымала пацвярджэння і апраўдання ў самім змесце твора. Абмалёўваючы вобраз пана,.. [Я. Колас] не баіцца тэндэнцыйнасці, шаржу, свядома завастраючы адмоўнае. Навуменка. // Прадузятасць, неаб’ектыўнасць у чым‑н. Тэндэнцыйнасць асвятлення падзей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.
2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.
3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.
1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.
2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узры́ў, ‑рыву, м.
1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.
2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.
3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укла́сціся, укладуся, укладзешся, укладзецца; укладзёмся, укладзяцеся, укладуцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца куды‑н. Усе рэчы ўклаліся ў чамадан. □ На нашы санкі ўклалася [елка] Зялёная, купчастая. Астрэйка. // перан. Падысці пад якую‑н. катэгорыю, класіфікацыю, разрад. Укласціся ў інструкцыю.
2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. у пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызначанага. Укласціся ў рэгламент. Укласціся ў каштарыс. Укласціся ў адпушчаныя сродкі. □ [Крэмез:] — Укладзёмся [з мантажом станка] да трыццатага. От пабачыш!.. Хлопцы ў мяне цяпер, як шалёных, працуюць. Шынклер.
3. Разм. Легчы спаць; улегчыся. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Недзе ў бальнічных прысадах плакалі кнігаўкі, не ўклаліся яшчэ на ноч. Пташнікаў.
•••
Укласціся ў галаве (у свядомасці) — стаць зразумелым, трывала засвоіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)