абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.
1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.
2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.
3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.
1. Абтрэсці, абабіць (снег, пыл і пад.) з чаго‑н. Мацей Кулеш.. ля парога абцерушыў з шапкі і з каўняра мокры снег. Шамякін. Хлопцы падняліся бледныя, разгубленыя, моўчкі абцерушылі пясок са штаноў і кашуляў і гэтак жа моўчкі рушылі далей. Якімовіч.
2. Памяўшы, аддзяліць (пра зерне, колас). [Пятро] працягнуў руку, сарваў пару каласоў і, абцерушыўшы іх, пяшчотна перасыпаў буйныя залатыя зерні. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абчаса́ць, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
Чэшучы сякерай, цяслою, зрабіць што‑н. роўным, гладкім. Абчасаць бервяно. □ Мала таго, [дзед] нават памог змайстраваць [калоды]: дзе трэба, абчасаў сякерай, пагабляваў, вычысціў круглай стамескай дупло... Рылько. // Аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. чэшучы. Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару. Ядвігін Ш. / у перан. ужыв. — Нас тут [у астрозе] так прапясочылі і абчасалі, такую палітграмату далі, што ні адзін універсітэт не дакажа. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абярэ́мак, ‑мка, м.
1. Такая колькасць чаго‑н., якую можна ўзяць, панесці, абхапіўшы рукамі; бярэмя, ахапак. Бацька штовосень сюды прывозіў з лугу бахматыя вазы зялёнага, духмянага мурагу.., а ўжо мы з дзедам ладавалі, парадкавалі — цягалі віламі і абярэмкамі сена на вышкі. Сачанка.
2. Становішча рук, калі чалавек нясе што‑н. у ахапку. Рыта вярнулася з суседняга пакоя, несучы ў абярэмку пасцель для Пратасевіча. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. агледзець (у 1 знач.).
2. Абследаванне якога‑н. аб’екта для выяўлення або праверкі яго стану. Тэхнічны агляд. Медыцынскі агляд.
3. Афіцыйнае інспектаванне войск камандаваннем на парадзе.
4. Грамадская праверка, наказ чаго‑н. Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці.
5. Кароткае паведамленне пра з’явы, падзеі, факты, якім‑н. чынам звязаныя паміж сабою. Міжнародны агляд. Агляд творчасці пісьменніка. Агляд газет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аба́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Разм.
1. Пераняць некаторыя жаночыя рысы характару (пра мужчыну).
2. Перастаць сачыць за сабою, апусціцца, агрубець (пра жанчыну).
абабі́цца, ‑б’ю́ся, ‑б’е́шся, ‑б’е́цца; ‑б’ёмся, ‑б’яце́ся; зак.
1. Аказацца пашкоджаным; адбіцца, адпасці (пра тынк і пад.). // Пашарпацца, знасіцца па краях (пра адзенне).
2. перан. Прывыкнуць да чаго‑н., перастаць заўважаць дрэннае, ацярпецца. [Галубіцкі:] За сваю бытнасць я прывык ужо да праборак, абабіўся. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інкарпара́цыя, ‑і, ж.
1. Кніжн. Далучэнне, уключэнне ў свой склад чаго‑н. Інкарпарацыя новых абласцей.
2. У юрыспрудэнцыі — сістэматызацыя выдадзеных у розны час законаў у алфавітным, храналагічным парадку ці па асобных галінах права без унясення змен у іх змест. Інкарпарацыя дзеючых законаў БССР.
3. У лінгвістыцы — спосаб сінтаксічнай сувязі паміж словамі, пры якім галоўны член словазлучэння зліваецца з залежнымі членамі ў фанетыка-марфалагічны комплекс, аналагічны слову.
[Лац. incorporatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е; Т ‑ай, ж.
1. Спявак (спявачка), які (якая) выконвае запеў у харавых спевах. За гутаркаю пасыпаліся песні; запявалам вызваўся Хлор. Гартны. У гуртку мастацкай самадзейнасці і на вечарынках .. [Мар’яна] заўсёды была запявалай. Стаховіч.
2. перан. Разм. Пачынальнік, зачыншчык чаго‑н. Мы гартаваліся У баях і ў працы дбалай, Мы небывалага юнацтва запявалы. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; зак., каго-што.
1. Перадаць заразу каму‑, чаму‑н. Заразіць ангінай. // Напоўніць чым‑н., шкодным для жывога арганізма. Заразіць калодзеж. Заразіць паветра міязмамі.
2. перан. Перадаць каму‑н. сваё пачуццё, схільнасць да чаго‑н. Заразіць любоўю да музыкі. □ Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. Зарэцкі. // Перадаючыся, распаўсюджваючыся, як зараза, ахапіць каго‑н. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згрузі́ць, згружу, згрузіш, згрузіць; зак., што.
1. Зняць які‑н. груз з чаго‑н. Такуеў дапамог згрузіць з воза мяхі з бульбай. Корзун. // Разгрузіць (воз, машыну і пад.). Згрузіць тры машыны пяску.
2. Разм. Злажыць які‑н. груз дзе‑н., на што‑н. Згрузіць рэчы на воз. □ Некалькі аўтамашын прывезлі і згрузілі непадалёк ад палаткі, дзе жыла Люся, цэлыя сцены, дах і вокны новага дома. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)