спажы́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.
2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.
3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спяко́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі гарачы, душны. Стаяў спякотны летні дзень. Сонца хоць і пераваліла за поўдзень, але пякло неміласэрна. Чарнышэвіч. Лета ў гэтым годзе выдалася спякотнае і сухое. Хомчанка. Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае. Бяганская. // Прасякнуты спёкай, надзвычай нагрэты. Вырысоўвалася праз спякотную шыза-белую дымку цёмная паласа лесу. Шамякін. Калі пачаўся гэты подзвіг? У катлаване? Ці тады, Калі вятроў спякотных подых Адчуў геолаг малады. Панчанка. Там спякотнымі вятрамі Выпалена цаліна, Ды туды з будаўнікамі Едзе красная вясна. Зарыцкі.
2. Такі, якому ўласціва спякота. Спякотны стэп. □ Магілёўская ціхая вёска. Курная хата. Як далёка яны ад Мадрыда, Ад спякотнай Іспаніі. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супы́нак, ‑нку, м.
1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.
2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.
•••
Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцягну́цца, сцягнуся, сцягнешся, сцягнецца; зак.
1. Туга зацягнуць сябе чым‑н. Сцягнуцца поясам.
2. Злучыцца, самкнуцца канцамі, краямі. Кальцо войскаў сцягнулася наўкол горада.
3. Сабрацца, сканцэнтравацца ў адным месцы (пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.). Войскі сцягнуліся да пераправы.
4. Разм. Спусціцца, перамясціцца марудна, з цяжкасцю. Так цёпла цэлы дзень было, Што дзед — і той сцягнуўся з печы. Багдановіч.
5. Разм. Пайсці куды‑н., сысці адкуль‑н. Сцягнуўся недзе на цэлы дзень.
6. З цяжкасцю быць знятым (пра што‑н. з адзення, абутку). Бот нарэшце сцягнуўся.
7. Разм. Прайсці марудна; здоўжыцца (пра час, дарогу). Сцягнулася дарога ў тры кіламетры — такім гарэў нецярпеннем, хоць усведамляў, што .. [Антанюк і Будыкаў] могуць сапсаваць адзін аднаму настрой. Шамякін. У чаканні трывожным сцягнулася кароткая летняя ноч. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.
1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.
2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.
3. Зал. да сяліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, з дадан. сказам і без дап.
Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу. Алешка. Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў. Сіўцоў. І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. [Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уцягну́цца, уцягнуся, уцягнешся, уцягнецца; зак.
1. Прасунуцца ў вузкую адтуліну. Нітка ўцягнулася ў іголку.
2. Прыняць удзел у чым‑н. [Сымон] пакрысе ўцягнуўся ў гаворку і нарэшце сам пачаў гаварыць гладка і цікава. Чорны. Вера шмыгнула да сваіх кароў. Не хацелася ёй адказваць на кпіны, каб не ўцягнуцца ў пустую балбатню. Гаўрылкін.
3. перан. Паступова прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н.; асвоіцца з чым‑н. Уцягнуцца ў работу. □ [Павел Іванавіч:] — Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месяца. Кулакоўскі. Часам.. бывае так, што от чалавек нясе ношку, і хоць яна нялёгкая, аднак уцягнецца і нясе. Сабаленка.
4. перан. Прыахвоціцца да чаго‑н. — Так уцягнуўся Анціп у гарэлку — рады няма, — казаў Архіп Архіпавіч. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.
1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.
2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)