рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вадзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае многа лішняй вады, вільгаці. Вадзяністая бульба. Вадзяністыя ягады. // Які звадзянеў; які ператварыўся ў ваду. Вадзяністае чарніла. □ Будзе вясна. Хоць адвячорак у пушчы яшчэ ўсё як быццам зімовы. З рэшткамі хлюпкага, вадзяністага снегу. Брыль. // Які стаў рэдкім, падобным на ваду. Вадзяністы клей.

2. Бясколерны, бялёсы. Вадзяністыя вочы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завуго́лле, ‑я, н.

1. Месца за вуглом, за будынкам або сярод будынкаў. Шумеў у завуголлі вецер і вельмі хацелася спаць. Быкаў. Задрыжала-замітусілася абгародка, бы сухое дуддзё ад ветру дзе ў завуголлі. Пташнікаў.

2. перан. (з прыназ. «па»). Разм. Тоячыся, асцерагаючыся. — Хлусню гавораць звычайна па завуголлю. У вочы няёмка казаць. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завяў, ‑вяла; зак.

1. Страціць свежасць; засохнуць, звянуць. Кветкі завялі. □ Час ад часу на дарозе трапляліся паваленыя дрэвы, на якіх яшчэ нават не паспеў завянуць зялёны ліст, — відаць, яны ўпалі зусім нядаўна. Краўчанка.

2. перан. Страціць жывасць, свежасць; паблякнуць. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгрэ́бнік, ‑а, м.

Прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Колас. Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку. Мележ. А калі нарэшце [Валодзя] расплюшчыў вочы, дык убачыў над сабой трухлявую страху прыгрэбніка. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпа́ліна, ‑ы, ж.

1. Разм. Крыху абпаленае месца. Падпаліна на шынялі.

2. Рыжавата-жоўтая пляма другога колеру (на валасах, футры і пад.). У дзяўчыны светлыя з рыжымі падпалінамі валасы, чорныя бровы і чорныя вочы. Асіпенка. Бярозавы гай, куды нырнула сцежка, быў увесь пранізаны сонечным святлом, у кронах бяроз ужо гарэлі залатыя падпаліны. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; зак.

1. Зморшчыць твар, зрабіць грымасу (нездавальнення, агіды, напружання і пад.). Інжынер прыўзняў галаву, паморшчыўся, быццам у яго ад крыку забалела галава. Асіпенка. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў.

2. Пакрыцца маршчынамі, складкамі. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўко́ла, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Цікаўныя вочы хлопца дапытліва пазіраюць наўкола. Васілёнак.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Гунава ўстаў, прайшоў наўкола стала і падкінуў наском бота бутэльку. Самуйлёнак. Тым часам наўкола фурманкі ўсё прыбываў гурт. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарэ́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які моцна, рэзка дзейнічае на органы пачуццяў. Дзесьці ў глыбіні парку зайграў джаз. Дзікія, прарэзлівыя гукі рвануліся ўвысь, закружыліся над кронамі дрэў. Шашкоў. Цішыню ночы раз-пораз разрывалі прарэзлівыя свісткі паравозаў. М. Ткачоў.

2. Пільны, пранізлівы (пра вочы, позірк). Стоячы на адным месцы, [пані] акінула Сцёпку прарэзлівым бліскучым позіркам. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераднаваго́дні, ‑яя, ‑яе.

Які бывае перад Новым годам, папярэднічае Новаму году. Баяўся я не смерці: ёй наглядзеўся ў вочы досыць, пачынаючы ад той памятнай пераднавагодняй ночы, калі ступіў на крымскую зямлю ў Камыш-Буруне. С. Александровіч. — Гэта ж казка, святочны феерверк, пераднавагодняе ўпрыгожанне, — прыпаўшы тварам да шкла, выказаў голасна сваё захапленне Анатоль. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)