па́кулле, ‑я, н.

1. зб. Кароткае грубае валакно, непрыгоднае для пражы, якое адходзіць пры апрацоўцы льну або канапель. Усе шчыліны заканапачаны пакуллем — ды так добра і гладка, што люба воку глянуць. Пестрак. Андрэй сунуў рукі ў вядро з нафтаю, патрымаў іх там крыху, потым пачаў выціраць пакуллем. Васілёнак.

2. Спец. Пучок пянькі або кудзелі для ўшчыльнення або заканапачвання чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрывыка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., да каго-чаго і з інф.

Прывыкнуць — пра ўсіх, многіх. Дзеці папрывыкалі да незнаёмых. □ — Спаць папрывыкалі доўга, — досыць строга прамовіў Марцін і кінуў погляд у той куток, дзе ляжалі ў пасцелях яго пляменніцы. Колас. Дзялендзік сварыўся, палохаў, што паліцыя можа спаліць усю вёску, калі знойдзе такі лісток у каго-небудзь дома. Але людзі да пагроз папрывыкалі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пару́ка, ‑і, ДМ ‑руцы; Р мн. ‑рук; ж.

Зарука ў чым‑н., пацвярджэнне чаго‑н.; гарантыя. Дзе парука, што Анцыпік не прагаворыцца — вольна ці нявольна? Колас.

•••

Кругавая парука — а) калектыўная адказнасць усіх членаў якой‑н. групы людзей за дзеянні гэтай групы ўвогуле або за асобных яе членаў; б) узаемная выручка, узаемнае ўкрывальніцтва.

На парукі — на чыю‑н. адказнасць (аддаць, узяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасягну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. на каго-што. Зрабіць замах па каго‑, што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Пасягнуць на чужое дабро. Пасягнуць на свабоду чалавека. □ — У кожным простым чалавеку [пілсудчыкі] бачылі раба, які ўзбунтаваўся, які пасягнуў на іх правы і ўладу. Машара.

2. што. Зразумець, ахапіць розумам што‑н. Зноў гарыць у ім [хлопчыку] жаданне Тайн[у] нотаў пасягнуць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацалу́нак, ‑нка, м.

Дакрананне вуснамі да каго‑, чаго‑н. як праяўленне любві, ласкі і пад. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем. Колас. [Міхась] зноў прытуліў .. [Тамару] да сябе, і іх вусны, гарачыя і сухія, зліліся ў доўгім пацалунку. Сіўцоў. Пасля першых пацалункаў і прывітальных слоў, сын.. сказаў: — А ты памаладзела, мама. Шамякін.

•••

Пацалунак Юды — здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́н, ‑у, м.

1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.

2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́тчык, ‑а, м.

Спец.

1. Той, хто перадае што‑н.; тое, пры дапамозе чаго перадаецца што‑н. Перадатчык хваробы. □ Максім і звярнуўся да гэтага перадатчыка першакрынічных вестак. Машара. Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў, — гэтых.. перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Колас.

2. Апарат для перадачы на адлегласць сігналаў, паведамленняў і пад. Кароткахвалевы перадатчык. Светлавы перадатчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што і цераз што. Пераскочыць цераз што‑н. Перамахнуць цераз плот. □ — Давай пабяжым! На вуліцы страляць не будуць! Перамахнём агароджу, скочым у кусты і — уратаваныя! — прапанаваў я. Карпюк. // З ходу пераправіцца, перабрацца на процілеглы бок чаго‑н. Перамахнуць цераз раку. Перамахнуць галопам узгорак.

2. Хутка перайсці, пераехаць куды‑н. Перамахнуць у другі горад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак.

1. што. Перасунуць, пераставіць з аднаго на другое месца. Перамясціць шафу. Перамясціць тэлевізар. // Змяніць месцазнаходжанне чаго‑н. Перамясціць канцылярыю на другі паверх. Перамясціць палявы стан.

2. каго. Перавесці на працу ў другое месца, назначыць на новую пасаду. Перамясціць брыгаду на другую будоўлю.

3. што. Спец. Выкарыстаць іначай (капітал). Перамясціць крэдыты з прамысловасці ў сельскую гаспадарку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перары́ць, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

1. Разрыць, парыць лычом усё, многае. Свінні перарылі ўвесь агарод.

2. Разм. Раскідаць, перавярнуць што‑н. у пошуках чаго‑н.; перакапаць. Перарыць усе рэчы ў каморцы. □ На вакзале я быў затрыманы сышчыкамі, якія перарылі мой вучнёўскі чамадан. Танк. — Пуста! Я ж табе сказаў, што .. [Антон] напэўна павязе .. [паперы] з сабою, — нервова прашыпеў Громаў, калі яны перарылі ўвесь стол. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)