растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.
1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.
2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.
3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рату́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.
2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.
3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.
•••
Ратунку няма гл. няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Карміць коней у дарозе ў час адпачынку; рабіць папаску. Выберам які-небудзь лясок па дарозе і спынімся папасвацца. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасвіцца дзе‑н. час ад часу. Метраў на дзвесце хвасты ў канюшыне аб’едзены: відаць, не раз гэтыя кароўкі тут папасваліся. Лобан.
3. перан. Разм. Мець пажыву, карысць. [Ціток:] — Чужыя [людзі] каля мяне папасваюцца, а свой чалавек, мой божа, з голаду памірае. Лобан.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і пасвіцца. На лугавінв папасвалася чарада калгасных кароў. Бялевіч. Крокаў за дзесяць ад агню, у негустым зарасніку, папасвалася рыжая, з белымі падпалінамі на баку карова. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́л, ‑ела, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.
2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.
3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.
2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́саб, ‑у, м.
1. Прыём, метад ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. Прамысловыя спосабы здабычы торфу. Капіталістычны спосаб вытворчасці. Весці будаўніцтва эксперыментальным спосабам. Спосабы яравізацыі азімай пшаніцы. □ [Лютынскі:] Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй. Крапіва. І кожны з іх [хлопцаў] мае па плану свой спосаб рашэння задачы. Колас. Тут былі парады, як распальваць агонь у лесе: па-сібірску, паляўнічым і іншым спосабамі. Паслядовіч.
2. чаго. Парадак, характар, склад. Спосаб праўлення. Спосаб дзеянняў.
3. Рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы сустрэчы. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тава́р, ‑у, м.
1. Прадукт працы, выраблены на продаж.
2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.
3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.
4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.
•••
Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тост, ‑у, М ‑сце, м.
Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.
[Англ. tost.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)