АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),

псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТА... (ад грэч. autos сам),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае: 1) словам «свой», «уласны» ці аснове «сама...»; 2) слову «аўтаматычны»; 3) словам «аўтамабільны», «аўтамабіль»; 4) словам «самаходны», «самарушны», напрыклад, аўтабіяграфія, аўтаблакіроўка, аўтадрызіна.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),

пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЕ́ННЕ,

даданы член сказа, які абазначае аб’ект і паясняе выказнік ці іншы член сказа. Падзяляюцца на прамыя [форма выражэння — вінавальны і родны (пры адмоўі і частковым ахопе прадмета дзеяння) склоны без прыназоўніка] і ўскосныя (інш. формы з прыназоўнікам і без яго). Напр.: «Паабедалі з бядою, спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, твар і лоб свой лысы» (Я.Колас) і «Пасварыліся за мех, а ў мяху смех».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАНІ́СТЫ (ад ням. Kantonist ваеннаабавязаны),

1) у Прусіі ў 1733—1813 ваеннаабавязаныя (рэкруты), што падлягалі прызыву ў адной з акруг (кантонаў), кожная з якіх камплектавала свой полк.

2) У Расіі ў 1805—56 салдацкія сыны, якія з дня нараджэння прылічваліся да ваен. ведамства і вучыліся ў спец. школах (гл. Кантанісцкія школы).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАХАЎ (Пётр Пятровіч) (1822, Масква — 2.12.1885),

рускі кампазітар і вакальны педагог. Сын Пятра Аляксандравіча (каля 1793—1835) і брат Паўла Пятровіча (1824—1875) Булахавых, вядомых у свой час оперных спевакоў-тэнараў. Аўтар папулярных рамансаў і песень, блізкіх да гар. фальклору («Тройка», «Не, не цябе так палка я люблю», «Спатканне», «І няма ў свеце вачэй», «Гары, гары, мая зорка» і інш.).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый І).

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)