кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.
2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.
3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.
4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.
•••
Кроўная крыўда гл. крыўда.
Кроўная помста гл. помста.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куры́цца, курыцца; незак.
1. Слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму. На месцы клуба курыліся асмалкі сцен, расцягнутых і залітых. Брыль. Бледная курыцца на сцяне газоўка. Купала. / Пра пахучыя рэчывы. Ладан курыцца.
2. чым і без дап. Вылучаць выпарэнні, лёгкі туман, пару. Адцвілі Вясёлыя пралескі, Увайшлі Усе рэчкі ў берагі. У пуху зялёным Пералескі, Цёплай парай Курацца лугі. Дзеружынскі. А над балотамі паўставаў туман, ад вясенняй вільгаці ледзь прыкметна курыліся лясы. Чарнышэвіч. // Пакрывацца, зацягвацца пылам, снегам і пад. [За выганам] віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены фурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. Гартны.
3. Паднімацца ўверх, віцца, кружыцца (пра дым, туман, снег, пыл і пад.). На вуліцы курыўся пыл ад бітай цэглы, сухі, гарачы. Лынькоў.
4. безас. Пра наяўнасць жадання, ахвоты курыць. Добра курыцца ў лесе,.. прыемна пахне над снегам махорка!.. Брыль.
5. Зал. да курыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
быва́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа дзе бываў і многа бачыў, спазнаў; з вялікім вопытам. Калі ў .. [Арлоўскага] запыталіся, дзе б ён хацеў ваяваць, бывалы партызан адказаў: — Там, дзе найбольшая небяспека для рэспублікі. Паслядовіч.
2. Які часта бываў у каго‑н., дзе‑н., наведваў каго‑н., што‑н.; часты, звычны. З васьмі чалавек разведчыкаў Лёня ўзяў з сабою аднаго Хоміча: ён і мясцовы, і бывалы ў гэтай сям’і. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзікава́та, прысл.
1. Прысл. да дзікаваты.
2. Трохі са страхам, трохі спужана. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток,.. прыціснуўся, дзікавата азірнуўся. Мележ.
3. безас. у знач. вык. Нязвыкла, няўтульна. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль.
4. безас. у знач. вык. Страшнавата, трохі жудасна. Хаты з глухімі, чорнымі вокнамі стаялі па абодва бакі вуліцы, І Дзімку, калі паглядваў на іх, было дзікавата.. ад іх маўклівай затоенасці. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
днява́ць, днюю, днюеш, днюе; незак.
Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.
•••
Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацалава́ць 1, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
Абсыпаць, пакрыць пацалункамі. Мы павіталіся з.. [малой], як дарослыя, а любасці ў маёй душы было настолькі больш, што мне, каб выказаць яе, трэба было б на рукі ўзяць, зацалаваць дзяўчынку, як дзіця. Брыль. // Стаміць пацалункамі. Сашка і цяпер памятаў, як.. [цётка] яго ледзь не зацалавала, як увесь час гладзіла па стрыжаных жорсткіх валасах. Ус.
зацалава́ць 2, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.
Разм. Пачаць цалаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збой, ‑ю, м.
1. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., цесна сабранага, збітага ў адным месцы. І ў гэткім шуме можна парою нічога не чуць, і ў гэткім збоі людзей можна часамі быць адзінокім. Брыль.
2. Перабой у руху, рабоце, дзеянні. [Становішча] вось-вось пяройдзе за тую мяжу, калі замінка дзе-небудзь у адным месцы імгненна выкліча збоі ў іншых месцах. Васілёнак.
3. Спец. Галава, ногі і ўнутранасці забітай на мяса жывёлы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Захварэць на псіхічнае расстройства, страціць розум. Значна пазней Павел даведаўся, што Сеня звар’яцеў у вронкаўскай адзіночцы. Брыль. Калі суседка даведалася, што гэта быў яе сын, яна звар’яцела, доўга блукала па горадзе, а потым бясследна знікла. Гурскі.
2. Разм. Страціць развагу, раз’юшыцца, ашалець. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела: крычыць немым голасам на ўсю вуліцу і гатова горла мне перагрызці за карову. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Знікнуць, прапасці. Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён згінуў назаўсёды. Брыль. // Перастаць існаваць у выніку разбурэння, знішчэння. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Загінуць, памерці. Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здо́рава, прысл.
Разм.
1. Добра, умела, па-майстэрску. Зроблена здорава.
2. Вельмі моцна. — І здорава ж бухаюць [гарматы] — ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою. Колас. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль.
3. у знач. вык. Вельмі, надзвычай добра. — Ох, і здорава ж! Глядзіш, а ў цябе ад захаплення аж дух займае. Ракітны. — Вось гэта здорава! — не вытрымаў Рухавіты. — Значыць, самі рашылі змагацца са сваім злом? Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)