прако́с, ‑а, м.

1. Пракошаная паласа шырынёй у адзін узмах касы, адзін захват касілкі. Мажны і высокі, як дуб, сівы, як выбелены лён,.. [дзед Ахрэм] лёгка махаў касой, пракладаў у высокай траве роўную, гладкую сцяжынку — пракос. Асіпенка. Цімох памянташыў касу і заняў новы пракос. Капыловіч.

2. Доўгая града скошанай травы. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы. Колас. [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла, — што цяпер рабіць? Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Сонечны, светлы. Праменны ранак па-над Бугам Асыпаў срэбрам паплавы. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. На вершалінах блізкіх і далёкіх гор ніклі праменныя фарбы захаду. Самуйлёнак. // перан. Поўны ўнутранага ззяння, радасці, запалу. Цяпер на Дзяміда Сыча пазіралі ясныя і праменныя вочы дарослага чалавека. Паслядовіч. Гэта нашы аркестры зазыўна гучаць, гэта нашых рабочых праменная радасць. Хведаровіч.

2. Спец. Які ўзнік у выніку выпраменьвання. Праменная энергія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.

1. Аказацца пераключаным (гл. пераключыць у 1 знач.).

2. Перайсці на іншы від працы, змяніць галіну сваёй дзейнасці, пачаць дзейнічаць іначай. Цяпер уся рыбаводная брыгада пераключыцца на сажалкі, бо пара ўжо звярнуць на іх увагу. Чарнышэвіч. І зараз жа хлопцы пераключыліся на бадзёры тон. Карпюк.

3. перан. Накіраваць сваю ўвагу, думкі і пад. на што‑н. іншае. Як толькі маці выйшла, думкі Міколы пераключыліся на калгасныя справы. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парке́т, ‑у, М ‑кеце, м.

1. зб. Невялікія гладкія, пераважна з цвёрдых народ дрэў, дошчачкі, якімі насцілаюць падлогу. Да ліфта трэба было прабегчы цераз нізкі, прасторны, вылажаны жоўтым блішчастым паркетам хол. Скрыган.

2. Падлога, зробленая з такіх дошчачак у форме розных геаметрычных фігур. Голле гэтага старога бору ўжо цяпер калышацца пад вокнамі трохпавярховых дамоў, з паркетам і паравым ацяпленнем, з халадзільнікамі і ваннамі. Грахоўскі. Увайшла я ў залу з бліскучым і светлым паркетам. Мядзёлка.

[Фр. parquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Служыць некаторы час. Ці .. [Клім] добры ляснік, ці дрэнны — хто яго ведае. Хай паслужыць, пабачым. Ермаловіч. «Чаго, Ульянаў, за мяжу не збеглі вы?» — пытаўся суд. «Радзіме смерцю паслужу!» Вялюгін. [Таня:] — Вясёлы такі [шавец]... Усё смяецца, кажа, што цяпер туфлі надоўга паслужаць, танцаў няма... Асіпенка.

2. Стаць, з’явіцца чым‑н.; абумовіць што‑н. Паслужыць асновай. □ [Рэвалюцыйная сітуацыя] паслужыла адной з прычын, якія прымусілі царскі ўрад і памешчыкаў паспяшацца з адменай у Расіі прыгоннага права. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.

1. Даць каму‑н. месца для жылля; усяліць. Пасяліць студэнтаў у інтэрнат. Пасяліць сям’ю ў новым доме. □ — Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.

2. перан. Выклікаць (якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Цяпер Веру быццам падмянілі. Сяброўкі таксама прыціхлі. Гора Веры пасяліла ў майстэрні сумную цішыню. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым.

Разм. Разлічыцца з кім‑н., аддаць доўг каму‑н. // перан. Пакончыць разлікі з кім‑, чым‑н., скончыць якую‑н. справу. Цяпер няма назад адходу! Скідай з дарогі перашкоду, Ні перад чым не запыняйся І з гэтай спадчынай сквітайся, Што асталася ад бацькоў — Зямелькі некалькі шматкоў. Колас. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Няхай, мы яшчэ з ім сквітаемся, — сказаў .. [Чыжык] на вялікае здзіўленне Зосі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і скляплю, склеплеш, склепле; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць пры дапамозе кляпання. Трэснула тая дуга якраз пасярэдзіне, ды так, што ніяк яе не склеіш і не скляпаеш. Жычка. Цяпер скажу: тады назвалі былі мяне ў маёнтак дзеля таго, каб я скляпаў разарваны сабачы ланцуг і прымацаваў яго да будкі. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Сабраць, стварыць (гаспадарку або калектыў). [Тамаш:] — Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тагача́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існаваў у мінулым, у тыя часы, пра якія ідзе гаворка. А часам трапляецца адбітак .. тагачасных казюрак, жывёлінак. Лынькоў.

2. Які адносіцца да аднаго часу, да адной эпохі з кім‑, чым‑н. Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было бегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трухля́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ператварыўся ў парахню ад гнілі і часу. Суцяшае галку драч: «Ты цяпер ужо не плач. Хай гарыць гняздо пустое на трухлявым сухастоі...» Грахоўскі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны, — усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. Колас. // перан. Які аджыў свой век; непатрэбны. Хто ведаць мог, .. Што гэта слова Зрушыць турмаў краты, Зруйнуе свет Трухлявы і стары. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)