Праважа́ты ’той, хто суправаджае каго-небудзь з мэтай аховы ці паказвае дарогу’, ’той, хто праводзіць на поезд, самалёт і пад.’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. провожа́тый ’тс’ < провожа́ть ’праводзіць’; параўн. адаптаванае провожа́тор ’суправаджальнік’, паралельнае да провода́тор ’павадыр’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́льштук (БРС). Непасрэднае запазычанне з польск. halsz tuk ’тс’, якое ўзята з ням. Halstuch ’хустка на шыю’ (аб фанетыцы слова, у прыватнасці аб пераходзе ням. ‑ch > ‑k у польск. мове, гл. Слаўскі, 1, 396). Форма, блізкая да бел., існавала калісьці і ў рус. мове: гальштук (гл. Шанскі, 1, Г, 20). У форме га́лстук, а́лстук гэта слова вядома ў сучасных бел. дыялектах, а таксама ў ст.-бел. мове (гл. Сцяц. Нар., 97–98, са спасылкай на слоўнік Гарбачэўскага). Невядома толькі, ці сучасныя дыялектныя бел. га́лстук, а́лстук працягваюць старыя бел. формы, ці гэта запазычанне новага часу з рус. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакай ’рачная пратока; глыбокае месца ў рацэ; яма ў балоце’ (Інстр. лекс.). Рус. дыял. бака́й ’ручай’, укр. бака́й ’глыбокая яма ў рацэ, сажалцы; выбоіна (з вадой) на дарозе’ (ці сюды ж укр. бакаль ’возера’?). Слова няяснага паходжання. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Параўн. Фасмер, 1, 109; Юркоўскі, SOr., 13, 69. Не пераконвае прыняцце роднаснасці з гальск. beccus ’заглыбленне, упадзіна’ (так Гараеў, 9) або параўнанне (Сабалеўскі, Slavia, 5, 441) з бак. Рудніцкі (57) прапануе вывядзенне ад бак ’рэзервуар’. Наўрад ці гэта так (супраць Юркоўскі, там жа). Не пераконвае таксама версія пра запазычанне з італ. bocca ’рот, вусце, заліў і т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́хур1 ’распуснік, любоўнік’ (Нас., Мядзв., Яруш., Гарэц.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Гарэц.), баху́р ’любоўнік’ (Федар., Др.-Падб.), ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Жд., Сцяшк. МГ, Др.-Падб.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Др.-Падб., Бесар.), баху́р (пра малых дзяцей; Сцяц.). Рус. ба́хур ’любоўнік, франт, малады яўрэй; таўсцяк’, укр. ба́хур, ба́хурь ’распуснік, лавелас; байструк; яўрэйскае дзіця; дзіця, хлопчык’, польск. bachur, bachor. Запазычанне з ст.-яўр. bāchūr (яўр.-ням. Bacher) ’малады чалавек; настаўнік’. Гл. Вінер, ЖСт, 1895, 1, 59; Брукнер, 10; Фасмер, 1, 137. Запазычанне праз польск. мову (параўн. ст.-бел. бохур ’франт, малады яўрэй’, XVI ст.; Булыка, Запазыч.).

Ба́хур2 ’пакладзены кабан’ (Нас.). Відавочна, метафара да ба́хур1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́блія. Рус. би́блия, укр. бі́блія, би́блія. Старое запазычанне з лац. biblia ’тс’ < грэч. βιβλία (мн. ад βιβλίον ’кніга’, па назве. г. Біблос, адкуль грэкі імпартавалі папірус). Фасмер, 1, 164; Шанскі, 1, Б, 116. Ст.-бел. библия, библея (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вестыбюль ’пярэдні пакой, пярэдняя пры парадным уваходзе ў памяшканне’ (КТС, БРС). Сюды ж вестыбюльны. Нядаўняе запазычанне з рус. вестибюль < франц. vestibule ’сенцы, пярэдняя’ < лац. *ver‑stibulum ’ахоўваемы ўваход, сенцы’ (Шанскі, 1, В, 75; БЕР, 1, 137; Голуб-Ліер, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́біцца ’ухмыляцца’ (мін., Сл. ПЗБ), ’усміхацца’ (шчуч., Нар. лекс.). Відавочна, запазычанне з рус. лы́биться, якое Трубачоў звязвае роднаснымі лоб, ст.-рус. лъбъ ’лоб’, наўг. лы́бонь ’верхняя частка галавы жывёлы’, дзе назіраецца падаўжэнне вакалізму ъ > ы (гл. Фасмер, 2, 539).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́спа ’востраў’ (БРС, Шат., Мядзв., Шн., 1, Яшк.); ’узгорак, узвышанае месца’ (Інстр. I, Яшк.), ’высокі бераг ракі’ (Яшк.). Ст.-бел. выспа ’востраў’. Запазычанне з польск. wyspa ’востраў’ (Булыка, Запазыч., 74 і наст.), якое да высыпаць (гл. сыпаць) (Нітшэ, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́та ’галета’ (БРС). Рус. гале́та, укр. гале́та. У бел. і ўкр. мовах гэта, відавочна, запазычанне з рус. мовы. Першакрыніцай з’яўляецца франц. galette, якое трапіла ў рус. мову ў сярэдзіне XIX ст. Гл. Фасмер, 1, 386; Шанскі, 1, Г, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)