про́йдзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прайсці.

2. у знач. прым. Які застаўся ззаду; пераадолены. Пройдзеныя кіламетры. □ — Тое, што ўчора было наватарствам, крокам наперад, сёння ўжо стала пройдзеным этапам. Васілёнак. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што пераадолена, засталося ззаду. Замкнуліся глыбокія пласты над пройдзеным. Пысін.

3. у знач. прым. Вывучаны, выкладзены. Вучні паўтаралі пройдзеныя правілы, успаміналі правапіс цяжкіх слоў. Шыловіч. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што ўжо вывучалася, выкладалася. Паўтараць пройдзенае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.

2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.

3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́мак, ‑мка, м.

1. Непрыгодная, паламаная рэч. — Плуга новага дагэтуль мне не даверылі, а ўсё зломкі. Кірэйчык. // Адламаны кавалак чаго‑н. [Хлопцы] знайшлі неяк зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль.

2. (звычайна з адмоўем). Разм. Пра слабага, надарванага чалавека. — Ты мне скажы, — раптам ажыўляецца Марфа, — знойдзеш ты хоць аднаго мужыка, няхай сабе самага апошняга зломка на сяле, каб ён застаўся ўдаўцом? Васілевіч. На развітанне ён сурова сказаў брату: — Не будзь зломкам. Не марнуй часу... Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Разм.

1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.

2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.

Разм.

1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.

2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́сленіца 1, ‑ы, ж.

Пасудзіна, падобная на місачку з накрыўкай, у якой падаюць масла на стол.

ма́сленіца 2, ‑ы, ж.

1. Свята провадаў зімы ў старажытных славян і іншых народаў, аднесенае хрысціянскай царквой на нядзелю перад т. зв. «вялікім постам». Была масленіца. Непадалёк, на сажалцы, хлопцы і дзяўчаты круцілі карусель. Асіпенка.

2. перан. Разм. Аб добрым, прывольным жыцці. Не жыццё, а масленіца. □ А з учарашняга дня дык у Венькі зусім масленіца: бацькі паехалі на поўдзень адпачываць, а яго пакінулі на бабулю. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

Улажыць, злажыць рэчы ў якую‑н. тару; спакаваць. Кожны хоча даць сваю параду: як і што лепш упакаваць, што пакласці на дно, а што зверху, каб не пацерлася. Шыловіч. — Як добра, што ты нідзе не затрымалася, — сустрэла Кацю Аўдоцця Сямёнаўна. Яна старанна забівала скрынку цвікамі. — Вось упакую і раскажу, што і да чаго. Гаўрылкін. // Умясціць поўнасцю што‑н. Усе.. рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.

Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.

1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.

2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)