кампенса́цыя, ‑і, ж.

1. Аплата, узнагарода за якую‑н. работу; пакрыццё выдаткаў, страт і інш. Грашовая кампенсацыя. □ Паколькі ж адкупілася Староста ад жаніха занадта дарагой цаной, царква, у парадку, так сказаць, кампенсацыі, залічыла яе ў святыя. Краўчанка. // Выплата рабочаму або служачаму грашовых сум звыш зарплаты ў прадугледжаных законам выпадках. Кампенсацыя за нескарыстаны адпачынак.

2. Ураўнаважванне, выраўноўванне ў арганізме парушаных функцый шляхам іх нейтралізацыі. Кампенсацыя парока сэрца гіпертрафіяй.

3. Ліквідацыя знешніх уздзеянняў (тэмпературы, атмасфернага ціску і пад.) на работу дакладных механізмаў. Кампенсацыя компаса. Кампенсацыя маятніка.

[Лац. compensatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Пакласці ў што‑н. прыправу. Прыправіць суп. □ Прыправілі малінай Грузінскі смачны чай. Агняцвет. // перан. Разм. Дапоўніць чым‑н., дадаць што‑н. як суправаджэнне да чаго‑н. Любіў ён і паспяваць, і пасмяяцца, і прыправіць жартамі сваю бойкую гутарку. Колас.

2. Спец. Змяніць сілу ціску на асобныя ўчасткі друкарскай формы для атрымання правільнага адбітка.

3. Прыладзіць, прымацаваць. Маці дапамагала .. [Васілю] запрэгчы ў плуг кабылу,.. прыправіла пастронкі. Кулакоўскі. Залысіў дзядзька дрэва злёгку (Сякера востра, кара крохка), .. латак прыправіў, А пад латак гаршчок паставіў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.

2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.

3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.

•••

Серп і молат гл. серп.

Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́на, ‑ы, ж.

1. Пругкая металічная палоска, спіраль і пад., якая, з’яўляючыся дэталлю механізма, процідзейнічае ціску. Баявая спружына. □ Верх у той шапцы трымала з сярэдзіны сталёвая спружына, і ён быў увесь напяты, роўненькі і круглы. Краўчанка. Адзін [крот] залез галавой у пастку, спружына пераціснула яму шыю. Жычка.

2. перан.; чаго або якая. Рухаючая сіла чаго‑н. Сапраўды, выяўленне спружын грамадскіх паводзін чалавека — велізарная каштоўнасць мастацтва. Перкін. Пісьменнік .. хоча сам стаць у .. становішча [героя], зразумець унутраных спружыны яго паводзін. Кучар.

•••

Як на спружынах — вельмі хутка, энергічна. Дзед, як па спружынах, падхапіўся (адкуль той і спрыт узяўся!) і пекануў у каршуна. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тор 1, ‑а, м.

1. Дарога, след, пакінуты калёсамі. Брук на дарозе ляжаў няроўны, калдобісты, месцамі яго зусім неставала, і тор ад калёс зварочваў з абочыны на сярэдзіну шашы. Пташнікаў.

2. перан. Кірунак дзейнасці; шлях. На другі дзень, 1 студзеня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам. Гарэцкі. [Сын] за чужым не цягне возам, А хоча свой пракласці тор. Колас.

тор 2, ‑а, м.

Спец. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем круга каля восі, што ляжыць у яго плоскасці, але не перасякае яго.

[Лац. torus — выпукласць.]

тор 3, ‑а, м.

Адзінка ціску, якая ўжываецца пры вакуумных вымярэннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок (звычайна чатырохвугольны), які падкладваюць пад галаву. Люба прачнулася, прыжмурыўшыся, паглядзела на вокны, пазяхнула і зноў навалілася тварам у цёплую падушку. Шамякін. Пачуўшы брэх сабакі, .. [Ігнат] падняў з падушкі галаву і прыслухаўся. Капыловіч. // Што‑н. мяккае, пухкае. Гэта тр[а]сянка, відаць, каторы год пласт за пластам адкладвалася і ўтварыла цэлую падушку. Лобан.

2. Спец. Назва падкладак у аснове механізмаў, збудаваннаў, якія змякчаюць штуршкі, гасяць вібрацыю, засцерагаюць ад ціску, а рання. Падушка падмурка.

•••

Кіслародная падушка — медыцынскі прыбор для ўдыхання кіслароду.

Паветраная падушка — слой сціснутага паветра, здольны прыўзняць што‑н. над вадой, зямлёй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атмасфе́ра, ‑ы, ж.

1. толькі адз. Газападобная абалонка Зямлі і некаторых іншых планет. Высокія слаі зямной атмасферы.

2. толькі адз. Паветра. [Пранук:] — Колькі дзён дажджы ішлі. Вільгаці багата ў атмасферы. Лынькоў.

3. Адзінка вымярэння ціску. Ціск больш за сто атмасфер.

4. Спец. Газ ці сумесь газаў, прызначаныя для правядзення ў іх асяроддзі якіх‑н. дзеянняў. Зварка ў атмасферы вадароду. Атмасфера кабіны касмічнага карабля.

5. перан. Навакольнае асяроддзе, абставіны. Атмасфера ідэйнай барацьбы. Атмасфера давер’я. Атмасфера павагі да чалавека працы. Атмасфера працоўнага ўздыму. □ Усе гэтыя клопаты і справы адганялі думкі ад хваробы, уносілі ў невялічкую леснічоўку.. дух змагання, атмасферу баявога напружанага жыцця. Лынькоў.

[Ад грэч. atmos — дыханне і sphaira — шар.]

•••

Атмасфера згушчаецца — пра ўзнікненне напружанага становішча, абставін.

Разрадзіць атмасферу — паслабіць напружанне ў якіх‑н. абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.

1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.

2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.

4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.

5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.

6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.

•••

Быць на вышыні гл. быць.

З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)