лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Знаходзіцца ўсім целам на чым‑н. у гарызантальным становішчы (пра людзей і некаторых жывёл). Ваякі ляжалі ў самых разнастайных .. позах каля агню і ў [ш]алашах. Колас. Арон быў дома, ляжаў на ложку. Мурашка. Козлік .. ляжыць змучаны, сам не свой. Брыль. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці гэтага становішча. Ляжаць на баку. Ляжаць на спіне. Ляжаць ніцма. / У спалучэнні са словамі, якія раскрываюць прычыну ці стан такога становішча. Ляжаць у непрытомнасці. // Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі. Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час. Бядуля. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «ў зямлі», «у магіле» і пад.). Быць пахаваным.

2. Знаходзіцца, размяшчацца на якой‑н. паверхні нерухома (бакавой часткай, гарызантальна); проціл. стаяць (аб прадметах). Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Якімовіч. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Паабапал дарогі, у канавах, ляжалі спаленыя нямецкія танкі, разбітыя машыны, гарматы. Шамякін.

3. Пакрываць, ахутваць сабою што‑н. На платах пышнымі шапкамі ляжалі снягі. Скрыган. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Шамякін. / Пра маршчыны, загар, румянец, і пад. На смуглявых шчоках у дзяўчыны ляжаў румянец. Гурскі. // перан. Са словамі «след», «клопат», «адбітак» і пад. азначае: быць прыкметным, адбівацца на чым-небудзь. На .. чыстым, бялявым тварыку ляжаў прыкметны клопат. Адамчык. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч.

4. Змяшчацца, знаходзіцца дзе‑н. У пячурцы ляжаў .. [дзедаў] капшук з тытунём і крэсіва. Колас. // Захоўвацца дзе‑н. Грошы ляжаць у банку. // Не знаходзіць прымянення, быць без ужытку. Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Прыказка.

5. Размяшчацца, займаць якую‑н. прастору; распасцірацца. Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Чарнышэвіч. Злева ад вёскі аж да далёкага зубчастага лесу .. ляжала прасторнае поле. Шахавец.

6. Праходзіць, пралягаць; мець напрамак куды‑н. (пра дарогу і пад.). Дарога ляжала праз луг, а потым хавалася ў невялікім беразнячку. Гаўрылкін. Машына імкліва неслася і неслася наперад, і дарога перад ёю ляжала як страла. Б. Стральцоў. Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Лужанін.

7. Быць укладзеным, надзетым тым ці іншым чынам. Валасы гладка ляжаць. □ Ваенная шапка ляжала на .. [дзядзькавай] галаве брылём на патыліцу. Капыловіч. // Размяшчацца на фігуры пэўным чынам (пра адзенне). Белы халат так зграбна ляжаў на .. [прафесары], як быццам гэта быў і не халат. Шахавец.

8. перан.; на кім. Быць чыім‑н. абавязкам. Камандзір палка заўсёды быў маўклівы і хмуры, бо адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. Чорны.

9. У спалучэнні са словамі «на душы», «на сэрцы», «на сумленні» азначае: быць прадметам затоеных турбот, пастаяннай трывогі, роздуму і пад. На душы ў .. [Малашкіна] ляжаў цяжар чагосьці нявырашанага. Пестрак.

•••

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго гл. душа.

Лежма ляжаць — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра даўно не воранае, удзірванелае поле.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Ляжаць мёртвым грузам — быць нявыкарыстаным, непатрэбным.

Ляжаць на баку (на печы) — нічога не рабіць, гультайнічаць.

Ляжаць пад сукном — заставацца без увагі, без разгляду (пра заяву, просьбу і пад.).

Ляжаць у аснове — з’яўляцца асновай, галоўным, зыходным элементам чаго‑н.

Ляжаць у руінах — быць разбураным.

Ляжаць як пласт (пластом) — ляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (пра хворага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)