се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая. Колас.

2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі]. Самуйлёнак. Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр]. Калачынскі. Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны. Алешка.

3. перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні. Дуброўскі. Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Гамолка. Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак. Асіпенка. Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.

4. Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі. Даніленка. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі. Адамчык.

5. Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.

6. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

7. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка. «Беларусь». За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы. «Звязда».

8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі. Грамовіч.

9. Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.

10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.

11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каблу́к1 ’абцас’ (БРС, ТСБМ, КТС; кап., КЭС). Козыраў (Цюркізмы, 22) адзначае, што ў паўн.-бел. гаворках звычайна ўжываецца слова каблук. У бел. літар. мове — запазычаннез рус. каблук ’тс’, што датычыць паўн.-бел. слова, то Козыраў (там жа) адзначае, што калі гэта цюркізм, то запазычаны ў волжскіх татар, адкуль праз гаворкі трапіла ў Беларусь. Для рус. каблук, якое аднойчы адзначана ў рускіх граматах (пачатку XVI ст.), прапанавалася як уласна славянская этымалогія, так і запазычанне з усходу. Апошняя версія падтрымлівалася, напрыклад, Вахрасам, Наим. об., 48. Прыхільнікі гэтай версіі, прапанаванай яшчэ Рэйфам, бачаць у гэтым слове цюрк. корань каб ’футляр, абалонка’ і ‑лык/‑лукцюрк. афікс, гл. Аракин, Цюркізмы., 136, параўн. рус. том. каблык ’абцас’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 107. Паводле гэтай этымалогіі, каблук ’абцас’ нельга аддзяляць ад каблук ’выгіб, паўкружжа і г. д.’ Гл. каблук2.

Каблу́к2 ’вертыкальны абруч у кошыку; ручка’ (Жд. 3), ’ручка ў кошыку’, ’аснова, круг для кошыка’ (З нар. сл.), ’кальцо з лазы, частка кашолкі, каша’ (Сіг.), ’маленькая дужка ў цэпе’ (Выг.), ’жалезны прэнт з боку бараны, за які чапляюцца пастронкі; аснова бараны’ (Выг., Жыв. сл., Сержп. Земл.), ’ручка касы’ (ДАБМ), ’дэталь касы: дуга з нацягнутым палатном, замацаваным на кассі’ (Сіг.), ’крук на канцы аглоблі’ (Нар. словатв.), ’доўгая сагнутая дошчачка, абодва канцы якой адначасова з’яўляюцца клёпкамі ў цэбры’ (Малч.), ’круглае рабро ў рыбалоўных пастках’ (Крыв.), каблукы ’прыстасаванне насіць сена жывёле’ (Клім.). Укр. каблук ’дуга, частка акружнасці’, ’дуга ў прыстасаванні для лоўлі рыбы’, ’верх шляпы’, ’абечак’, ’дугападобна выгнуты прут, прыстасаванне па ручцы касы пры касьбе збожжавых’, рус. каблук ’уступ, рубец карніза’, ’рыбалоўная снасць’, ’каўпер’, польск. kabląk ’выгіб, дуга, паўкружжа, арка’, kablęk ’ручка ў кошыку’, у спецыяльнай тэрміналогіі і ва ўсходніх гаворках (гістарычна не польскіх) слова ўжываецца ў значэннях ’дэталі розных прыстасаванняў у ярме, касе, рыбалоўнай снасці’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю — паўн.-слав. утварэнне, безумоўна, звязанае са слав. lǫkъ, lęktʼi, параўн. сінанімічныя каблук, самалук, лук, рус. облук, серб.-харв. о̀блук і інш., аднак структура слова не зусім ясная. Многія аўтары сыходзяцца на тым, што ў даным выпадку мела месца або двайная прэфіксацыя ка‑ + ‑ов‑, або толькі кa + oblǫkъ. Паводле Слаўскага, 2, 10, ka‑błąk, засведчанага толькі аднойчы ў дыялектах, — вынік перараскладання слова obląk, аднак з гэтай думкай не пагаджаецца Трубачоў, Эт. сл., 9, 107, які лічыць, што шырокая распаўсюджанасць слова на ўсх.-слав. тэрыторыі і наяўнасць яго ў ст.-рус. помніках не дазваляюць згадзіцца з познім характарам утварэння. Але аргумент Трубачова не з’яўляецца сур’ёзным, паколькі да XVI ст. Адносяцца толькі дзве фіксацыі — 1521 і 1587 гг. Думка Слаўскага, такім чынам, выглядае цалкам мажлівай, аднак сумненне выклікае паралелізм значэнняў ка‑ і о‑. Гл. Фасмер, 2, 151.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)