БАКШТА́Г (галанд. bakstag),

1) курс паруснага судна пры спадарожна-бакавым ветры, калі вугал паміж падоўжнай воссю судна і лініяй напрамку ветру большы за 90° і меншы за 180°.

2) Снасць, трос для мацавання суднавых мачтаў, дымавых трубаў і інш.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Павук (рыбалоўная снасць) 7/591; 9/203

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖА,

у беларусаў традыц. рыбалоўная снасць. Складаецца з 2 сеткавых мяшкоў (кулёў), нацягнутых на абручы і злучаных з аднаго боку паміж сабою сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў конусападобныя горлы сеткі. Мяшкі скіраваны горламі адзін да аднаго; з аднаго боку яны адкрытыя, каб заходзіла рыба, з другога — зацягнуты матузом. Ставяць М. пераважна на азёрах, найчасцей па некалькі ў рад. Найб. пашырана на Паазер’і, дзе ў наш час з’яўляецца прыладай прамысл. лову.

Мярэжа.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАК,

традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Волак.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЦЕР, жак,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядомая бел., рус. і інш. слав. народам. Венцер — сеткавы мяшок (куль) на абручах з адной або дзвюма перагародкамі (горламі) унутры. Рыба заплывала ў куль праз адтуліну ў горле. Да мяшка пры ўваходзе прывязвалі адно (аднакрылы венцер) ці два (двухкрылы венцер) сеткавыя крылы (нацягнутыя па вертыкалі на драўляныя планкі), што перагароджвалі шлях рыбе і накіроўвалі яе ў куль. У глухім канцы куль сцягваўся шнурком. Венцер устанаўліваўся ў вадаёме пры дапамозе калкоў. Аднакрылымі венцерамі лавілі рыбу пераважна ў азёрах, двухкрылымі — па цячэнні.

А.​І.​Браім.

Венцер двухкрылы.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВАД,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Невад.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)