Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаныскладзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)