ныць, ныю, ныеш, ные; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.

2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.

3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.

•••

Душа (сэрца) ные гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.

1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.

2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литьсяскардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнуть ‘стагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́житискардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ліць, лью, льеш, лье; льём, льяце і лію, ліеш, ліе; ліём, ліяце; пр. ліў, ліла, ліло; заг. лі; незак.

1. што. Даваць магчымасць выцякаць якой‑н. вадкасці; выліваць. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Вельмі моцна ці безупынна цячы, ісці. З раны ліла кроў. □ Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Мікуліч.

3. перан.; што. Распаўсюджваць (святло, гук, пах і пад.). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін.

4. што. Рабіць што‑н. з расплаўленага рэчыва; выплаўляць. Ліць гарматы. Ліць свечкі.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый — ускосным чынам дапамагаць сваімі выказваннямі, справамі процілегламу боку.

Ліць кракадзілавы слёзы — двудушна, няшчыра скардзіцца або спачуваць каму‑н.

Ліць пот — многа, цяжка працаваць. І не будуць болей людзі Пот і слёзы ліць ракой. Грахоўскі.

Ліць (праліваць) кроў — а) за каго-што; гінуць, абараняючы каго‑, што‑н., змагаючыся за каго‑, што‑н.; б) каго, чыю; забіваць каго‑н.

Ліць слёзы — плакаць; моцна плакаць.

Лье як з вядра — аб праліўным дажджы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ску́так1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыць ‘сумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëc ‘енчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)