Люд ’народ, людзі’, ’зборышча людзей, натоўп’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Ян.; віл., Сл. ПЗБ). Укр. люд, рус. люд ’тс’, польск. lud, ст.-польск. ’падданыя’, н.- і в.-луж. lud ’тс’, ’войска’, н.-луж. luś ’чалавек’, палаб. lʼai̯dai̯ ’людзі’, чэш. lid, ст.-чэш. ľud ’люд’, славац. ľud ’тс’, славен. ljȗd, харв. (да XV ст.) ljudje, балг. (арго муляраў) люд ’чалавек’, ст.-балг. людъ ’народ’, ст.-слав. людиѥ ’народ’, людинъ ’вольны чалавек’. Прасл. lʼudъ ’народ, людзі, звязаныя агульным паходжаннем і мовай’ < і.-е. *leudho‑ < *leudh‑ ’расці’, літ. liáudis ’народ’, liaudžià ’дамачадцы’, лат. ļàudis ’людзі’; ст.-в.-ням. liut, с.-в.-ням. liute ’народ’, бургундск. leudisсвабодны чалавек’, ст.-грэч. ἐλεύθερος, лац. liber ’тс’, līberi ’дзеці’; ст.-інд. rṓdhati, ст.-іран. raoðaiti ’расце’, гоц. liudan ’расці’, алб. lenj ’нараджаюся, узнікаю’ (Фасмер, 2, 545; Слаўскі, 4, 363–364; Скок, 2, 339–340; Махэк₂, 331–332; Шустар-Шэўц, 12, 865–866; Бязлай, 2, 146; БЕР, 3, 576–577). Мартынаў (Лекс. взаим., 96–98) лічыць, што прасл. ljudъ запазычана з прагерм. leuda. Сюды ж і лю́дзі, людцэ́, людзячкі, людке́ ’людцы’ (Шат.; ст.-дар., Сл. ПЗБ), людзёнак ’чалавек’ (полац., Нар. лекс.), людзі́на ’жанчына’ (Сцяшк.), людзі́на, люды́на, людзіна́ ’чалавек, асоба’ (Сл. ПЗБ, Федар. Дад.; Ян., ТС; КЭС, лаг.), людзі́ска, люды́ска ’людзі’ (Сл. ПЗБ), людя́ ’чалавек увогуле’ (Бес.); лю́дносць ’людзі’ < польск. ludność ’насельніцтва’ (дзятл., Сл. ПЗБ), людкове ’людзі’ (Сцяшк.) < польск. ludkowie ’просты люд’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасто́ра, ‑ы, ж.

1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.

2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.

3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.

4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.

•••

Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.

1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.

2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць ​1 — праляцець (у 1 знач.).

2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».

пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.

1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.

2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свабо́да ‘асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць прыгнёту’ (ТСБМ), ‘св межаванняў’ (ваўк., Сл. ПЗБ), свобо́да ‘воля, вызваленне ад прыгону’ (ТС), сюды ж свабо́дная ‘нецяжарная’ (Ян.). Укр., рус. свобо́да ‘тс’, ст.-рус. свобода ‘незалежнасць’, ‘пасёлак, слабада’, польск., в.-луж., н.-луж. swoboda, чэш. svoboda, дыял. sloboda ‘вольнасць; халасцяцкі стан або дзявоцтва’, серб.-харв. свобо́да ‘вольнасць; мужнасць’, славен. svobóda, ‘воля, вольнасць; вызваленне’, балг. свобода́, макед. свобода ‘тс’, ст.-слав. свобода ’тс’. Прасл. *svoboda утворана ад асновы *svob‑, параўн. ст.-слав. свобьство ‘асоба’, якая працягвае і.-е. *su̯e‑bho‑, вытворнае ад займеннікавай асновы *su̯e‑ ‘свой’, з суфіксам зборнасці *‑oda і першасным значэннем ‘сукупнасць родзічаў, сваякоў’, г. зн. тых, якія жывуць сумесна. Сучаснае значэнне другаснае. Падрабязна гл. Трубачоў, История терм., 170. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 582–583; Шустар-Шэўц, 1392; БЕР, 6, 561. Махэк₂ (598, раней Зубаты, Studie, 2, 137) разглядае слова як *svo‑potъ ад ‘свой’ і *potъ ‘пан’, праеўрапейскага слова, што вельмі штучна. Сной₁ (625) *svoboda лічыць вытворным ад прасл. *svobodьсвабодны’ — на думку Трубачова (Фасмер, 3, 583), другаснага. Борысь (589) узнаўляе прасл. *svobodь і *svoboda ‘свабода, незалежнасць, вольнасць’ з рэдкімі суф. ‑odь/‑oda. Гэта дазваляе ўзнавіць прыметнік *svobъ ‘прыналежны да свайго племені, жывучы на сваёй зямлі, у сябе’ і назоўнік *svoba ‘стан сярод сваіх, вольнасць’ (Борысь, Czak. stud., 44). Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik (353–354), дзе польск. swoboda замест swieboda лічыцца багемізмам. Паводле Бугі (Rinkt. 2, 617), слова знаходзіцца ў такіх жа адносінах да ст.-рус. собь ‘усё сваё, маёмасць, дабро’ (гл. собскі), як лат. svãlbs ‘вольны’ да ст.-в.-ням. selb‑ ‘сам’ (< і.-е. *selbho‑). Гл. таксама слабода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адкрыць. Свет Новы, адкрыты Калумбам, Завецца ўжо светам старым, Са дня, калі стрэл з «Аўроры» Пачуўся краінам усім. Куляшоў.

2. у знач. прым. Нічым не адгароджаны, не заслонены, свабодны для агляду. Адкрытая мясцовасць. Адкрыты бераг. Адкрытая пазіцыя. // Нікім не абаронены, даступны для ворага. Адкрыты фланг.

3. у знач. прым. Нічым не прыкрыты, аголены. Хадзіць з адкрытай галавой. Смажыць на адкрытым агні. Адкрытая рана. Адкрыты пералом. // Без покрыву зверху, з бакоў. Адкрытая машына. Адкрытая сцэна. // З вялікім выразам. Адкрытае плацце. Адкрытыя туфлі. // Не падземны; з агаленнем пласта. Адкрыты спосаб здабычы каменнага вугалю.

4. у знач. прым. Тое, што і разгорнуты (у 4 знач.). Адкрытая кніга. □ Важаты паглядзеў на адкрыты лісток настольнага календара. Якімовіч.

5. у знач. прым. Пазбаўлены скрытнасці, шчыры. Загарэлы, абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. [Дзед] усміхаецца шчыраю, адкрытаю ўсмешкаю. Грахоўскі. // Не замаскіраваны, не тайны, яўны. Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком. Зарэцкі. Да Данусінай маці я адчуваў пашану: адкрытых ворагаў я паважаў. Карпюк. // Такі, які адбываецца пры людзях. Адкрытая размова.

6. у знач. прым. Даступны для ўсіх. Адкрыты партыйны сход. Адкрыты канцэрт. Адкрыты конкурс.

•••

Адкрытае галасаванне гл. галасаванне.

Адкрытае мора гл. мора.

Адкрытае пісьмо гл. пісьмо.

Адкрытае пытанне гл. пытанне.

Адкрыты рахунак гл. рахунак.

Адкрыты склад гл. склад.

Адкрыты урок гл. урок.

Абвясціць адкрытым што гл. абвясціць (у 2 знач.).

Адкрытая душа гл. душа.

Адкрыты лоб гл. лоб.

Адкрыты свет гл. свет.

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

З адкрытай душой гл. душа.

З адкрытым сэрцам гл. сэрца.

Над адкрытым небам гл. неба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж.свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykis ’перапынак пасля работы’, лат. lìeks ’лішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пераня́ць, перайму, пяроймеш, пяройме; пр. пераняў, ‑няла, ‑ло; заг. пераймі; зак.

1. каго-што. Рухаючыся насустрач, наперарэз, спыніць, затрымаць каго‑, што‑н. Пераняць ганца. Пераняць статак. □ Косцік кінуўся насустрач Ніне, пераняў яе, пасадзіў і прыгразіў пальцам, каб сядзела на месцы. Пальчэўскі. Багдан з сынам пайшлі ў хату, а Нічыпар падаўся да варот, каб пераняць курыцу. Кулакоўскі. Іх [немцаў] машына штабная Выйдзе ў Мінск роўна ў пяць. Трэба тую машыну Нам, Лявон, пераняць. Бялевіч. // Закрыць, спыніць свабодны рух чаго‑н.; перакрыць. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Колас. Калі не дойдзем мы да дня, дык гэты зброд з мяцежнай банды паспее шлях нам пераняць. Дудар. Пераняць плацінамі крутымі Плыні рэк шырокіх на вякі, Пасяліць лясы свае ў пустыні І спавіць каналамі пяскі. Калачынскі. // Нечакана застаць, заспець у час руху. Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Чарнышэвіч. На дарозе пераняла нас страшэнная вестка: у Ярцаве — дэсант. Сабаленка. // перан.; што. Разм. Заўважыць, перахапіць, сустрэць (пра позірк і пад.). Хлопцы з павагай і разам з тым трошкі ўстрывожана зірнулі на дзядзьку Ахрэма. Ён пераняў гэты позірк і папярэдзіў: — Нават каб на кухні не шумелі! Паслядовіч. // Спыніць, перапыніць (размову, гутарку). Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў. Колас.

2. каго-што. Перахапіць, падхапіць у час руху, дзеяння (прадмет, рэч і пад.). У гэты раз .. [Пшанічны] не пярэчыў, пераняў з рук Глечыка лапату. Быкаў. Галіна пераняла на рукі малое і пачала выціраць яму хусцінкай носік. Пташнікаў.

3. што. Запазычыць што‑н. у каго‑н., зрабіць так, як хто‑н.; унаследаваць. Пераняць вопыт. □ Прыклад першай паляводчай брыгады перанялі і астатнія. «Звязда». Арына сачыла за Лейбавай працай. Яна старалася пераняць тое, чаго сама не ведала або рабіла не гэтак. Чарнышэвіч. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны. // Зрабіць сваім, прывычным для сябе што‑н. чужое, пабочнае. Пераняць дурныя звычкі. // Разм. Падрабіцца пад каго‑, што‑н. Пераняць свіст шпакоў.

4. што. Запомніць, засвоіць. Пераняць матыў песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)