про́ба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).

2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара. Гамолка. Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў. «Беларусь».

3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.

4. Выпрабаванне. Проба агнём.

•••

Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.

На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.

Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.

Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іглі́ца ’іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Янк. I, Янк. III), ’папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Янк. III, Мат. Маг., Інстр. I, Інстр. II, В. В., 107), ’брусок, што злучае брусы з зубамі ў баране, праходзячы праз іх’ (Бяльк.), ’планка (у табурэтцы, стале)’ (Сцяц.), ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сецей’ (Крыв., 167). Рус. дыял. и́гли́ца, церск., урал. ’ігла для шыцця’, церск., сарат., наўг., урал., перм., цюмен. ’ігла для вязання сецей’, кастр. ’доўгі завостраны драўляны цвік’, тамб. ’жэрдка ў загарадзі, поручнях і г. д.’, паўд. ’папярочныя брусы бараны’, дан., паўд., смал., урал., разан. ’папярочны брусок, якім змацоўваюцца дошкі’ і іншыя вельмі блізкія значэнні: укр. гли́ця ’драўляная ігла’, ’хвоя, шыпулькі хвойнага дрэва’, ’баляса, слуп у поручнях, загарадзі’, ’папярочная злучальная жэрдка’, ’кладка’ (Грынч.), польск. iglica ’ігла, вязальная спіца’, ’вастрыё, верхавіна, пік’, ’жалезны кол’, н.-луж. jeglica ’іголка’, чэш. jehlice ’іголка, шпілька’, ’спіца’, славац. ihlica ’ігла, шпілька’, ’спіца’, ’драўляны ці металічны прут для замацавання ярма на шыі жывёлы’, славен. iglica ’іголка’, ’жалезны шворан у возе’, ’прут, які змацоўвае часткі ярма’, серб.-харв. ѝглица ’іголка’, ’ступенька, перакладзіна’, балг. игли́ца ’іголка’. Ст.-рус. иглица ’драўляныя брускі, якія выкарыстоўваюць пры будаўніцтве памяшканняў’, ’пякучы валасок некаторых раслін’ (XVII ст.). Прасл. утварэнне з суф. ‑ica ад *jьgъla (гл. ігла). Трубачоў, Эт. сл., 8, 214–215. Семантычны зрух у напрамку ’змацавальная жэрдка, перакладзіна, палка’ → ’завостраная на канцы палка’ → ’іголка’ → ’лісце хвойных дрэў’ (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловоротручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сво́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць. Сіпакоў. // Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Чыгрынаў.

2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. В. Вольскі. Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю. Караткевіч. // Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя. // Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты. Гроднеў.

3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак. // Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска. Сабаленка.

4. Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны. Агняцвет. Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка. // Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны. Машара.

5. Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй. Багдановіч. Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)