перайсці́, перайду, пяройдзеш, пяройдзе; пр. перайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. перайдзі; зак.

1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца, пераправіцца цераз што‑н., на процілеглы бок чаго‑н. Перайсці вуліцу. Перайсці цераз раку. □ «Не пайду ў сталовую, перакушу тут», — вырашыў Косця і перайшоў трамвайную лінію. Адамчык. Паласа рэчкі прыпыніла белых, і тады стала ясна, што калі яны пяройдуць на гэты бок, то пойдуць наперад на многа вёрст. Чорны.

2. што. Прайсці якую‑н. адлегласць, прастору. Да цэха было зусім блізка: перайсці скверык, .. перабегчы чорную, як пасыпаную вугалем, дарогу — і цэх. Карпаў. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Крапіва. Падаліся хлопцы з дзяўчатамі. Пяройдуць выган, ускараскаюцца на дамбу і там танцы пачнуць. Б. Стральцоў. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прымаўка. // што. Размясціцца, распаўсюдзіцца, перасякаючы якую‑н. лінію, прастору. Гэтым месцам да самай шашы падступаў лес, і, здавалася, далёка наперадзе ён зусім перайшоў дарогу. Пташнікаў.

3. Перамясціцца з аднаго месца на другое. Перайсці ў другі пакой. Перайсці з залы ў залу. □ [Камандзір] пераплыў цераз Нёман і з ходу загадаў.. перайсці трошкі направа. Брыль. [Максім і Вера] перайшлі ў кабінет, запалілі верхняе святло і селі на канапу. Карпаў. // Змяніць месца свайго жыхарства, знаходжання. Перайсці на другую кватэру. □ Люба некалькі разоў парывалася ўстаць і сказаць старым аб сваім намеры перайсці да бацькоў. Васілевіч. [Тарэнта:] — Ён заўтра да цябе пяройдзе. Я сказаў яму, што больш трымаць яго не буду, няма на чым. Галавач. // Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы, змяніць месца службы, заняткаў. Усё ён рабіў усур’ёз, акуратна. Толькі вялікай радасці ад той работы ў яго не было... Зразумела, чаму з такой ахвотай перайшоў аграном з канторы МТС у калгас. Бялевіч. — Я тутэйшы калгасны каваль. Быў раней у тым калгасе, за лесам, а цяпер сюды перайшоў, тут каваля не было. Чорны. // Скончыўшы які‑н. клас, курс, стаць навучэнцам, студэнтам наступнага класа, курса. Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў. Скончылі першы клас, перайшлі ў другі. Маўр.

4. Пакінуўшы каго‑, што‑н., прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. другога. На бок рэвалюцыйных рабочых перайшлі войскі Петраградскага гарнізона. «Весці». // Прыняць другое веравызнанне. Гэты вёрткі, танклявы мужчына служыў калісьці ў панскім войску капралам, дзеля чаго нават і перайшоў на католіка. Брыль.

5. Дастацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н., стаць чыёй‑н. уласнасцю. Улада перайшла ў рукі рабочых і сялян. □ Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы псалтыр, які перайшоў да яго ў спадчыну ад.. дзеда. Бядуля. У паасобных мясцінах зямля перайшла да сялян без выкупных плацяжоў. «ЛіМ». // Апынуцца ў складзе чаго‑н., у распараджэнні каго‑н. іншага. У беларускую мову перайшло многа слоў з рускай і польскай моў. // Перадацца ад аднаго да другога; распаўсюдзіцца на іншых. Здавалася, што ленінская воля І сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў. Грахоўскі.

6. Скончыўшы, пакінуўшы адно, пачаць другое. Перайсці да абмеркавання наступнага пытання парадку дня. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталізм, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы тым, што цвёрда верылі ў сялянскую рэвалюцыю. Ларчанка. Як кожны вечар, пасля дзённых турбот, гутарка .. [хлопцаў] перайшла да хатніх спраў. Маўр. // Прыняць іншы напрамак, пераключыцца на што‑н. іншае. Перайсці на гаспадарчы разлік. Перайсці на шматпольную сістэму земляробства. // ад чаго да чаго. Пазбавіўшыся ад аднаго пачуцця, стану, пачаць адчуваць другое. Ад злосці і лаянак Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі. Бядуля.

7. Змяніць спосаб, характар дзеяння, пачаць дзейнічаць іначай. Перайсці ад абароны ў наступленне. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Пачаць гаварыць, пісаць і пад. па-іншаму. Матка зірнула на гэта зусім проста, а потым адразу нейк перайшла на сур’ёзны тон. Колас. Рыбакоў .. працягнуў [сержанту] каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, і адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Мележ. // Перамяніць умовы існавання, працы. Перайсці на малочную дыэту. Перайсці на нелегальнае становішча.

8. у што. Паступова мяняючыся, ператварыць ў што‑н. іншае, стаць другім. Колькасць перайшла ў якасць. Дождж перайшоў у снег. □ З часам вясна непрыкметна перайшла ў лета. Адцвілі сады. Даніленка.

9. што і без дап. Разм. Мінуць месца заходу, павароту, прыпынку. Каровы перайшлі свой двор.

10. Разм. Кончыцца, мінуцца (пра час). Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

11. Разм. Выйсці за які‑н. колькасны рубеж. Гарасіму Жураўскаму перайшло за пяцьдзесят. Чарнышэвіч.

12. Разм. Прайсці дзе‑н. вялікай колькасцю. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло... шмат народу. Колас.

13. перан. Разм. Уступіць, ахвяраваць што‑н. каму‑н. Няхай лепш маё пяройдзе.

•••

Перайсці (перабегчы) дарогу каму — захапіць, перахапіць тое, на што разлічваў іншы.

Перайсці Рубікон — прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)