Знакі прыпынку 4/588—589; 8/628

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,

графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».

Літ.: Клюсаў Г.Н., Юрэвіч АЛ. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972; Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыпы́нак

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. прыпы́нак прыпы́нкі
Р. прыпы́нку прыпы́нкаў
Д. прыпы́нку прыпы́нкам
В. прыпы́нак прыпы́нкі
Т. прыпы́нкам прыпы́нкамі
М. прыпы́нку прыпы́нках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

праця́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Знак прыпынку ў выглядзе доўгай гарызантальнай рыскі (—).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

препина́ние / зна́ки препина́ния грам. зна́кі прыпы́нку.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

клі́чнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Знак прыпынку (!), які ставіцца ў канцы клічнага сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пыта́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Знак прыпынку (?), які ставіцца ў канцы пытальнага сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

двукро́п’е, -я, мн. -і, -яў, н.

Знак прыпынку ў выглядзе дзвюх кропак, размешчаных адна над адной (:).

Паставіць д.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ДВУКО́ССЕ,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУКРО́П’Е,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)