з’я́ва, ‑ы, ж.

1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.

2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».

3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.

•••

Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, -а, М кру́зе, мн. кругі́, -о́ў, м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю, а таксама сама акружнасць.

2. Круглы ўчастак якой-н. паверхні.

3. Прадмет, падобны па форме на круг ці кола.

Выратавальны к.

4. перан., чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі завяршаецца што-н.

Завяршыць першы к. шахматнага спаборніцтва.

5. перан., чаго. Тое, што і кола (у 4 знач.).

К. дзейнасці.

6. каго або які. Сукупнасць, група людзей з агульнымі інтарэсамі, сувязямі; кола (у 5 знач.).

К. знаёмых.

Сямейны к.

7. Больш далёкі, абходны шлях, дарога і пад. (разм.).

Пайшоў не той сцежкай і зрабіў вялікі к.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго-н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — цямнее ў вачах ад слабасці, стомы і пад.

На круг (разм.) — па прыблізных падліках.

|| памянш. кружо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. кругавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.) і кружны́, -а́я, -о́е (да 7 знач.).

Кругавыя працэсы.

Кружная дарога.

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога-н. пункта.

Кругавая парука

а) адказнасць усіх за кожнага і кожнага за ўсіх;

б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка ў нядобрых справах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абудзі́цца, абуджуся, абудзішся, абудзіцца; зак.

1. Перастаць спаць, прачнуцца. Абудзілася Вера ад лёгкага стуку ў акно. Паслядовіч. Узяўся [Міхалка] за ключ. Павярнуў раз і абамлеў: ключ.. так загрымеў, што напэўна ўсе абудзілася. Колас.

2. перан. Перастаць быць спакойным, напоўніцца чым‑н. Барсукова Гара, дзе вызначана было чатырыста пнёў лесу на школу, маўклівая і па-зімоваму сумная, аднае раніцы абудзілася вясёлым гоманам. Крапіва. // Вярнуцца да жыцця, дзейнасці, аднавіць жыццёвыя працэсы. Прырода абудзілася да новага жыцця. Мурашка.

3. перан. Узнікнуць, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасці, якасці). — От, паненачка, набраліся б вы з панічом, далібог, — з жарам і зусім іншым тонам прамовіла бабка, і ў ёй адразу абудзілася жанчына-свацця. Колас. [Іван] спазнаў ужо прыхільную лагоднасць.. [Джулінай] душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці. Быкаў.

4. перан. Ачнуцца. Сход абудзіўся ад маўчанкі і ўспыхнуў смехам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́пел, пу́пёл ’патаўшчэнне ніткі пры прадзенні, сукаратка’ (талач., Шатал.; чэрв., Сл. ПЗБ), путы ’адходы пры прадзенні’ (круп., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), пу́пёл ’галоўка, кветка (расліны)’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’ножка плада’ (Варл.), ’маленькі агурок, у якога адпала кветка’ (Жд. 2), пу́пель ’маленькі трактар’, пу́ты ’малеча, дзецярня’ (Касп.), сюды ж пу́тік ’нешта малое, падобнае да шарыка’, перан. ’пра недарослую дробную бульбу’ (Янк. 1), ’гузік у кажусе; пупок, выступ, пампон; раменьчык на накрыўцы, каб адчыняць яе’ (ТС; палес., З нар. сл.; жытк., рагач., Мат. Гом.), ’пупышка; галоўка, кветка, бутон; завязь агуркоў’ (хойн., карм., ветк., рагач., чач., Мат. Гом.), пупёлачкі, пупёлашкі ’маленькія, недаразвітыя плады, завязь’ (дзісн., Шн. 3; Юрч. Фраз. 1), параўн. рус. смал. пу́пел ’чалавек невялікага росту; маленькі грыб’, польск. pępel, pąpel, pqpyl ’пухір’, балг. пу́пял, пу́тек ’дзікі мак’, пу́пляк ’цурачка; малы чалавек’, пу́пля ’малое пузатае дзіця’, серб.-харв. дыял. пупу́/ька, пупо/ьак ’выступ на прадметах; гузічак або раменьчык, за які трымаюцца’, макед. пупулец ’пупышка, бутон’. Усё да прасл. *рорь (гл. пуп); магчыма рэканструкцыя прасл. *роръ1, аднак, можна дапусціць самастойнае словаўтварэнне і семантычнае развіццё для розных славянскіх моў, што, насуперак Фасмеру, 408 (< літ. pamplys ’маларослы, карапуз’), Лаўчутэ, Балтизмы, 56, 126 (< літ. puplys ’надуты, з вялікім жыватом’, pupulis ’маленькае дзіця’, ’патоўшчанае месца ў нітцы пры прадзенні’), не дае падстаў гаварыць пра запазычанне. Пра жывыя словаўтваральныя працэсы сведчыць пуп або пупёл “дрэвападобныя пруточкі, якімі садавіна прымацавала да галінкі”: dzieci abirali višni z pupami (Варл.), а таксама літ. pupos ’боб’, мн. л. pupelės ’фасоля’, зафіксаваць^ яшчэ ў “Пастыллі” Даўкшы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.

1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.

2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.

3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.

4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачуццё, я́, н.

1. Псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага свету. Пісьменніку [П. Пестраку] ўдалося .. намаляваць яркі вобраз маладой жанчыны Аксені, паказаць складаную гаму чалавечых пачуццяў. Гіст. бел. сав. літ. Ад думак і пачуццяў, якія авалодалі ім, Клім ужо не мог спакойна ўседзець на месцы. Шахавец. // Усведамленне, адчуванне чаго‑н. Пачуццё ўласнай годнасці. □ Толькі пачуццё абавязку стрымлівае .. ад жадання бегчы ўслед за сябрамі. Брыль. Я. Колас імкнуўся абудзіць у літаратурнай моладзі пачуццё адказнасці за сваю справу. Адамовіч.

2. чаго або якое. Псіхічны стан або фізічнае адчуванне чалавека. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль. Светлае і невыказна радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара. Шчарбатаў. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч.

3. Знешняе праяўленне душэўнага пад’ёму, усхваляванасці. Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне. Колас. Пра свае горкія перажыванні .. [Акіліна] гаворыць вельмі скупа, але ўкладвае ў свае словы вялікае пачуццё: «Не я па зямлі хадзіла, а зямля па мне». Шкраба.

4. Каханне, сімпатыя, прыхільнасць да каго‑н. [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... Бядуля.

•••

Пачуццё локця — пачуццё сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.

Пачуццё меры — адчуванне патрэбных межаў у якіх‑н. учынках, дзеяннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэхнікі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Тэхнічныя праблемы. Тэхнічны прагрэс. Тэхнічная рэканструкцыя народнай гаспадаркі. // Які звязаны з вывучэннем, пашырэннем і навуковай распрацоўкай тэхнікі; які абумоўлівае гэтыя працэсы. Тэхнічныя навукі. Тэхнічныя веды. Тэхнічная літаратура. Тэхнічная інфармацыя. // Які заняты, працуе ў галіне тэхнікі. Тэхнічная інтэлігенцыя.

2. Які мае адносіны да тэхнікі (у 2 знач.), звязаны з абслугоўваннем, захаваннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй яе. Тэхнічныя навыкі. Тэхнічныя прыёмы.

3. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з працэсам вытворчасці чаго‑н. Тэхнічныя магчымасці станка. Тэхнічныя патрабаванне Тэхнічная дакументацыя. // Звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой‑н. вытворчасці. Тэхнічная служба. Тэхнічны аддзел. Тэхнічны склад.

4. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці. Тэхнічныя культуры. Тэхнічная вада. Тэхнічнае масла.

5. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой‑н. справе. Тэхнічны сакратар. Тэхнічныя работнікі сцэны.

6. Які абазначае спецыяльнае паняцце, што адносіцца да якой‑н. галіны тэхнікі і навукі; прафесіянальны (пра слова, выраз). Тэхнічны тэрмін.

7. Які вылучаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (пра спорт, мастацтва). Тэхнічны баксёр.

•••

Тэхнічны кантроль — нагляд за якасцю прамысловай прадукцыі, за адпаведнасцю яе ўстаноўленым стандартам.

Тэхнічны мінімум — сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне, неабходныя для рабочага адпаведнай спецыяльнасці.

Тэхнічная норма — норма выпрацоўкі, якая ўстанаўліваецца з улікам забеспячэння тэхнікай і ўмоў працы.

Тэхнічны рэдактар — рэдактар, які ведае паліграфічным афармленнем кнігі, газеты і пад.

Тэхнічны савет — кансультатыўны орган па пытаннях тэхнікі (пры міністэрстве, навукова-даследчым інстытуце, канструктарскім бюро).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)