Будво́рыца ’выган за вёскай’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. будво́рицы ’месца, дзе канчаецца сяло, вёска і пачынаецца поле, луг, лес’. Можна меркаваць, што слова таго ж тыпу, што і буго́ня (гл.), г. зн. паходзіць ад *абудво́рыца, якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і двор (суф. ‑іца). Першапачаткова *’месца абапал двароў’. Таксама можна думаць і пра зыходнае *абадво́рыца, дзе *аба‑ (> бу‑) — прэфікс *ob(ъ). Тады першапачаткова *’месца навокал двароў’. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нада́лей і надале́й, прысл.

На будучы час, на потым. Кантракта надалей.. [пан] не падпісаў. Бядуля. Заставацца ў шэрым драўляным доміку надалей было немагчыма. Нядзведскі. [Чалавек] сядзеў, азіраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́сціцца, ‑пешчуся, ‑песцішся, ‑песціцца; зак.

Песціцца некаторы час. Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам! Колас. [Бацька:] — Раненька, калі сонца прыгрэе ды ціха навокал, цецерукі любяць папесціцца ў пясочку. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., каго-што.

Крыху паверыўшы, зверху зварыць, а ўсярэдзіне пакінуць сырым. Абварыць мяса. // Абліць варам (кіпнем). Абварыць венік. □ Пякло нясцерпна. Млела ўсё навокал, Нібы зямлю хто варам абварыў. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заплява́ць 1, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; каго-што.

Пакрыць, забрудзіць пляўкамі. [Пасажыр] выкурыў з паўтузіна цыгарэт і запляваў усю падлогу навокал. Корбан.

заплява́ць 2, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.

Разм. Пачаць пляваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бранябо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.

Разм. Процітанкавае бранябойнае ружжо. Пажылы барадаты мужчына з бранябойкай на плячы прагна, з захапленнем паглядаў навокал, радуючыся, што бачыць, як і раней, гэтае хараство. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачысце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чыстым, чысцейшым. Нават бярозкі сталі прыгажэйшыя, і ўсё навокал пачысцела! Брыль. За некалькі дзён, старанна паголены, адмыты, Дзям’ян пачысцеў, на шчоках з’явілася ружовасць, блакітныя вочы пасвяжэлі, заблішчалі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ратыфіка́цыя, ‑і, ж.

Зацвярджэнне вышэйшым органам дзяржаўнай улады міжнароднага дагавору, заключанага прадстаўніком улады; канчатковае зацвярджэнне міжнароднага пагаднення. Назіраючы ажыўлены рух навокал парламента, мы ўспомнілі, што сёння адбываюцца дэбаты па ратыфікацыі так званых парыжскіх пагадненняў. Лынькоў.

[Фр. ratification ад лац. ratus — які мае законную сілу і facere — рабіць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зая́дласць, ‑і, ж.

Уласцівасць заядлага; заўзятасць, упартасць. [Віктар і Валынец] з заядласцю пачалі пілаваць, аж за пілку горача было трымацца. Лобан. Чалавек хапц з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі і з большай яшчэ заядласцю кінуліся зноў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да асакі. Навокал агню і дуба насцелена многа асаковага сена, каб мякчэй было адпачываць касцам. Пестрак.

2. у знач. наз. асако́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца асака, падвей, чарот і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)