патыха́ць, ‑ае; незак.
1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.
2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прырасці́ ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. прырос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. Зросшыся з чым‑н., утварыць адно цэлае; прыжыцца. Прышчэп прырос. □ Пяць груш і яблынь пасадзілі Мы ў гонар дружбы і любві. І пастаялі ў задуменні, І пажадалі без прамоў, Каб прырасло мацней карэнне, Як наша прырасла любоў. Панчанка. // перан. Моцна прывыкнуць, прывязацца да чаго‑н. — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агарода моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. [Ксавэру Блецьку] ужо цяжка было на старасці год выбівацца з той каляіны, да якой прырос за доўгія гады. Чорны.
2. перан. Шчыльна прыстаць да чаго‑н., застацца на месцы, стаць нерухомым. Ульяна ўстала з ложка, падышла да стала, дзе, расставіўшы ногі ў чорных валёнках-бурках, прырос да падлогі дзед Тодар. Пташнікаў. Той бедны дзяцел да сука прырос, аж па спіне прайшоў мароз. Дубоўка.
3. Разм. Павялічыцца ў колькасці, у памерах. Толькі за сем месяцаў з ліменскіх лясоў вывезена шаснаццаць тысяч кубаметраў драўніны, у паўтара раза больш, чым за год прырасце. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.
1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.
2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.
3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́цца, увальецца і уліецца; пр. уліўся, улілася, ‑лося; заг. уліся; зак.
1. Наліцца ўнутр чаго‑н. Хоць у лодку і ўлілося трохі вады, аднак цяпер яна пайшла шпарчэй, бо мне памагаў вецер. Кірэенка. // Зліцца з чым‑н., льючыся, уцячы ў што‑н. Каціліся [патокі вады] аж да моста, каб уліцца ў рахманую Безымянку. Курто. / у перан. ужыв. У пакой улілося святло. // перан. Пранікнуць, напоўніць (пра пачуцці і пад.). Нейкая дзіўная хваля ўлілася ў грудзі і буйнай цёплай слязой скацілася на шчокі. Васілевіч. Бацькоўскі дом у цішыні лясоў, Даўно цябе надоўга я пакінуў, І свет шырокі ў вочы мае хлынуў, Уліўся ў грудзі клічам галасоў. Гаўрусёў.
2. перан. Далучыцца да чаго‑н., увайсці ў склад чаго‑н., папоўніць сабою што‑н. Усе [хлопцы] набіраліся новых свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу для заядлай барацьбы з панамі. Нікановіч. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Мікуліч. [Усцін Тарасавіч] выйшаў за бальнічныя вароты, уліўся ў людскі паток і накіраваўся дадому. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зго́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.
1. Які выражае, дае згоду (у 1 знач.) на што‑н. — А яны ўсе згодны? — перабіў Рыгора Мілоўскі. — Вядома, што згодны, а то чаго б яны пайшлі сюды? Галавач.
2. з кім-чым. Які прытрымліваецца з кім‑н. адной думкі, адных поглядаў; салідарны з кім‑, чым‑н. Праўда, з дзеверам дружаць — У іх доля адна, Згодзен ён быць за мужа. Ды не згодна яна. Непачаловіч. І хоць абодва хлапчукі былі ў душы згодны з Зінай, але ім не хацелася, каб гэтае дзеўчанё думала, што яны слухаюцца яе. Скрыпка.
3. Які супадае з чым‑н.; падобны, аднолькавы. Сведкі далі згодныя паказанні.
4. Дружны; аднадушны. Так абое яны [Іван і Джулія], зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу. Быкаў. Не выстаяць бомбе ў змаганні з сям’ёю братэрскай, згоднай. Куляшоў.
5. Узгоднены, зладжаны. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя. Колас.
6. Стройны, гарманічны (пра музыку, спевы). — І крыжы на дол прыпалі І схінуўся верх лясоў І граць дзеду памагалі Хорам згодных галасоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́ма, ‑ы, ж.
1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.
2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.
3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.
4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.
[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.
2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.
3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяро́д, прыназ. з Р.
1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.
2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.
•••
Сярод белага дня гл. дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́ва 1, ‑ы, ж.
Прадмет сялянскай мэблі — шырокая дошка на ножках для сядзення, звычайна прыстаўленая да сцяны. Ад мыцельніка да стала працягнулася шырокая жаўтлявая лава. Алешка. Госць лавы не праседзіць. Прыказка. // Тое, што і лаўка 1 (у 1 знач.). У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.
•••
Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.
ла́ва 2, ‑ы, ж.
1. Расплаўленая мінеральная маса, якая вывяргаецца вулканам на паверхню зямлі. Патокі лавы.
2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н.; лавіна. Можа, і не дагнаў бы авечак [Алёша], каб не дзядзька Сымон.. Проста на яго неслася авечая лава. Гамолка.
3. у знач. прысл. ла́вай. Суцэльным патокам. Радасць льецца лавай.
ла́ва 3, ‑ы, ж.
Баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу, а таксама атрад, пастроены для такой атакі. Лава казакоў. □ Лава памчала галопам, пакідаючы на полі бою коннікаў. Гурскі.
[Польск. ława — рад, шарэнга.]
ла́ва 4, ‑ы, ж.
Падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні. Між ствалоў сасновых Ноч і дзень Тут, па ўсіх забоях кожнай лавы, Рэха навальнічнае гудзе. Аўрамчык.
ла́ва 5, ‑ы, ж.
Разм. Вялікі абшар, аднастайны масіў чаго‑н. Направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. Колас. Уборка і малацьба збожжа былі скончаны, на палях зелянела шырокая лава руні. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́нца, ‑а, н.
1. Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло. Вярчэнне Зямлі вакол Сонца. □ Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Колас. Вызначаючы кароткі начны шлях.. летняга сонца, на поўначы святлела паласа .. зары. Брыль. Стала душна, як толькі ўзышло сонца. Самуйлёнак.
2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам. Загараць на сонцы. Сушыць на сонцы. □ Уся вуліца была заліта першым сонцам. Чорны. Маёр.. з асалодай падстаўляе сонцу мускулістыя рукі і грудзі. Брыль. Прыжмурыўшыся ад яркага паўдзённага сонца, Васіль зірнуў на неба. Якімовіч. // Пра сонечнае надвор’е. Заўтра будзе сонца і вецер. Бядуля.
3. перан. Пра што‑н., што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго‑, чаго‑н. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Украіна і Беларусь, як і ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, расквітнелі пад сонцам новага жыцця, народжанага рэвалюцыяй. Бярозкін. // Пра таго, хто з’яўляецца прадметам пакланення, захаплення. І ўжо з Сімбірска крочыў чалавек Насустрач сонцу, каб ярчэй заззяла. І сам ён сонцам стаў для нас навек, Нам імя Ленін Самым родным стала. Прыходзька.
4. Цэнтральная планета іншых планетных сістэм.
5. Пэўны пакрой спадніцы.
6. Гімнастычнае практыкаванне на турніку.
•••
Да сонца, з сонцам (устаць, падняцца і пад.) — да ўсходу сонца, да святла; вельмі рана.
Месца пад сонцам гл. месца.
Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы шлях па месцазнаходжанню сонца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)