бягу́н, бегуна, м.

1. Той, хто хутка бегае. Першы ў атрадзе бягун. // Спартсмен, які займаецца бегам (у 2 знач.). Бягун на сярэднюю дыстанцыю.

2. Уст. Скоры на хаду конь. Фурман фарсіста ляснуў пугай, Вязе ў парадны ход папоў І, нацягнуўшы лейцы туга, Спыняе пару бегуноў. Колас.

3. толькі мн. (бегуны́, ‑оў). Прыстасаванне для размолвання і змешвання розных матэрыялаў.

4. Уст. Уцякач. Ляснік маўчаў, Ён сам ведаў, што лес напоўнен незнаёмымі людзьмі — бегунамі, якія хаваліся ад польскай улады. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тпру, выкл.

Выкрык, якім спыняюць каня або якую‑н. рабочую жывёліну. — Тпру-у! — громка закрычаў Мацвей Шэмет, які на вазку быў за фурмана. Лобан. — Тпру, тпру! — нацягнуў лейцы Драбок. Краўчанка.

•••

Ні тпру ні но — а) ні з месца, ні ўзад, ні ўперад. Паляглі па чэравах коні і... ні тпррру!.. ні но! Колас; б) нічога не атрымліваецца; далей не пасоўваецца. Да прыкладу, Лявон, — чым не жаніх, здаецца, — Падыдзе, падміргне і засмяецца, А вось далей — ні тпру ні но... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укруці́цца, укручуся, укруцішся, укруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, увайсці ў сярэдзіну чаго‑н. Шруба лёгка ўкруцілася. // перан. Разм. Улезці, усунуцца куды‑н. [Маці:] — Ён [Рапецкіх сын] табе, як вуж, усюды ўкруціцца, што хочаш дастане. Карпюк.

2. Захутацца ў што‑н., абматацца чым‑н. Пад альховым кустом, укруціўшыся ў старую дзіравую коўдру, ляжаў .. невялічкага росту чалавек. Чарот. Мы абуліся, адзеліся, укруціліся хусткамі. Лось.

3. Круцячыся, наматацца на што‑н. Лейцы адчапіліся ад лёстак, укруціліся ў пярэдняе кола. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакру́чвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Закруціцца, завіцца — пра ўсё, многае. Валасы пазакручваліся.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Абматацца, абвіцца вакол чаго‑н. — пра ўсё, многае. Лейцы пазакручваліся за колы.

3. Абматацца, абгарнуць сябе чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Хворых на двары было даволі многа.. Сядзелі, грэліся на сонцы.. Жанчыны пазакручваліся ў хусткі. Арабей.

4. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Круцячыся, завінціцца — пра ўсё, многае. Гайкі пазакручваліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць каго‑, што‑н. яго былой сілы. [Камандзір:] — Справа ясная: раздзяліцца — гэта напалову аслабіць нашы сілы. Брыль.

2. Зменшыць сілу, ступень, напружанасць чаго‑н. Аслабіць дысцыпліну, рэжым, увагу. Аслабіць выхаваўчую работу.

3. Зрабіць не такім нацягнутым, не такім тугім. Аслабіць папругу. □ І зноў ляцець... Дуга хай звоніць, Пакуль конь лейцы не аслабіць. Чарот. Конь падаўся назад.. і аслабіў пастронкі. Чорны. // Зрабіць не такім напружаным. Дзяўчына.. намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Мележ.

•••

Аслабіць гайкі — знізіць патрабаванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пава́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.

2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.

3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбо́ч, прысл. і прыназ.

1. прысл. Збоку, на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Дзядзька, апусціўшы лейцы, нокнуў на коніка, сам пайшоў па сухім, узбоч. Навуменка. Максім ішоў узбоч, весела махаючы пугай. Шамякін. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. — Што ты робіш?! — пачуў я ўзбоч ад сябе рэзкі .. голас. Кулакоўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «узбоч» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. у баку каго‑, чаго‑н. Перайшоўшы Стадольскі мост,.. [Шалюта] ўбачыў узбоч дарогі пусты Варановічаў газік. Дуброўскі. Спынілася аўтамашына Узбоч гравейкі, у цяньку. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)