адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.

2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.

3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзю́ба, ‑ы, ж.

1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.

2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.

•••

З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. зачэпліваць — зачапіць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. зачэплівацца — зачапіцца (у 1, 3 знач.).

2. Р мн. ‑пак. Разм. Прыстасаванне, якім што‑н. зачэпліваюць, якое што‑н. трымае; кручок.

3. перан.; Р мн. ‑пак. Разм. Прычына, падстава. І як ні стараўся Пракоп знайсці тут якую-небудзь нядбайнасць, упушчэнне, каб да чаго-небудзь прыдрацца, зачэпкі для .. прыдзіркі ён не знаходзіў. Колас. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. [Гарлахвацкі:] Можа ў вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка.., якая магла паслужыць повадам для плётак. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́сці, праду́ ’скручваючы лён, кудзелю, воўну, рабіць ніткі’ (ТСБМ, Шат., Касп.), прасьць ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), пря́стэ, прэ́ста ’прасці; віць вяроўку (ганц., Сл. ПЗБ). Рус. прясть, пряду́, укр. пря́сти, ст.-рус. прясти, польск. prząść, в.-луж. přasć, н.-луж. pśěsć, чэш. přísti, славац. priasť, серб.-харв. пре̏сти, славен. présti, балг. преда́ ’прасці’, макед. преде ’тс’. Прасл. *pręsti (< *pręd‑ti) (Фасмер, 3, 394). Роднасныя: літ. spréndžiu, spréndžiau, sprę́sti ’абцягваць, абмерваць’, лат. spriêžu, spriêst ’нацягваць, расцягваць’, літ. spríndis ’пядзя’, англ.-сакс. sprindel ’сіло, кручок’ (гл. Траўтман, 278; Мацэнаўэр, LF, 14, 184; Персан, 873; ESJSt, 12, 710). Інакш, менш верагодна Махэк₂ (494), які параўноўвае з ням. spinnen і зыходнай формай славянскага кораня лічыць *spend‑, дзе потым было s‑ заменена на ўзмацняльнае ‑r‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Разм.

1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.

2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.

3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсячы́ і падсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. падсек, ‑секла; заг. падсячы; зак., каго-што.

1. Надсячы знізу. Падсекчы пласт вугалю. Падсячы камель сасны. □ [Язэп] падсек дзве.. [бярозы]. Зрабіў лубкі, і першыя кроплі бярозавіку скаціліся па іх у прынесеную пасудзіну. Асіпенка.

2. і чаго. Разм. Насячы дадаткова, яшчэ трохі. Падсячы дроў.

3. перан. Разм. Падарваць асновы чаго‑н., прывесці ў заняпад што‑н. Падсекчы прыбыткі гаспадаркі. □ — Падсякуць, брат, заработкі мне, — казаў.. [Шкель]. Колас. // Рэзкай заўвагай збянтэжыць, паставіць у цяжкае становішча. Падсекчы дакладчыка раптоўным пытаннем.

4. Тузануць вудзільнам лёску ў той момант, калі рыба бярэцца за кручок. Паплавок зноў тузануўся і знік пад вадою. Мішка падсек, і хутка ладная краснапёрка затрапятала ў руках. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прице́пка ж.

1. (действие) прычэ́пка, -кі ж., мн. нет, прычэ́пліванне, -ння ср.;

2. (повозка, вагон) прост., спец. прычэ́п, -па м.; см. прице́п 2;

3. (прицепленная к чему-л. вещь, крючок, петля) разг. прычэ́пка, -кі ж.; кручо́к, -чка́ м.; пятля́, -лі́ ж.;

4. (придирка) перен., разг. прычэ́пка, -кі ж.; зачэ́пка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.

1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гак1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).

Гак2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.

Гак3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́кар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ўтрымання на месцы суднаў, плывучых маякоў і пад. у выглядзе металічнага стрыжня з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт. 22 кастрычніка 1857 года параход «Нахімаў» зняўся з якара і пакінуў Расію. «Полымя». // Эмблема маракоў з адбіткам такога стрыжня з лапамі. Прыйшоў капітан — на сінім Кіцелі ззяюць якары. Калачынскі.

2. Спец. Рухомая частка электрычнай машыны пастаяннага току. Скарачаю разгон ключа, падымаю крыху якар магніта — апарат гучыць выразна, чыста. Шынклер.

3. Разм. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі. Я гляджу на пусты крук і ківаю галавой: як умудрыўся шчупак украсці з якара жыўца? Шашкоў.

•••

Мёртвы якар — нерухомы якар, які пастаянна ляжыць на дне (для ўстаноўкі плывучых маякоў, бочак, прыпынку суднаў).

Рыскавы якар — невялікі якар для манеўравання пры рыску судна.

Кінуць якар гл. кінуць.

Стаць на якар гл. стаць.

Якар ратунку — апошні сродак ратунку, апошняя надзея.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)