се́рыя, ‑і, ж.

1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.

2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.

3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.

4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.

[Фр. série ад лац. séries.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.

2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.

3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.

2. Надпіс на манеце.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́сьменнасць, ‑і, ж.

1. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Літоўцы ў той час яшчэ не мелі ўласнай пісьменнасці, і таму для патрэб дзяржаўных зносін выкарыстана была беларуская мова. Жураўскі.

2. Сукупнасць пісьмовых помнікаў якой‑н. гістарычнай эпохі пэўнага народа.

пісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Колас. // перан. Наяўнасць ведаў у якой‑н. галіне. Перад выканаўцамі гэтага ансамбля паўсталі задачы вялізарнай складанасці: не толькі авалодаць музычнай пісьменнасцю мастацтва ансамблевай ігры, але і забяспечыць сябе літаратурай. «Беларусь».

2. Адсутнасць граматычных і стылістычных памылак. Пісьменнасць сачынення. // перан. Праяўленне майстэрства ў выкананні чаго‑н.; адпаведнасць чаго‑н. патрабаванням навукі. Пісьменнасць праекта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяча́ць, ‑і, ж.

1. Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Прыёмшчык напісаў на куску паперы, колькі Максімка здаў жыта, прылажыў да паперы пячаць. Чорны. // Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго‑н. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх сургучная пячаць, Свежыя, часопісы, газеты, Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў.

2. перан. След, адбітак чаго‑н. Спакой халодны, амярцвелы Паклаў на ўсё сваю пячаць, Але жыве старая хата. Колас. Слоўны мастацкі вобраз .. п’ес [Купалы] нясе на сабе пячаць фальклорнай традыцыі. Ярош.

•••

За сямю пячацямі — тое, што і за сямю замкамі (гл. замок).

Налажыць пячаць гл. налажыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шрыфт, ‑у, М ‑фце; мн. шрыфты, ‑оў; м.

1. Камплект друкарскіх літар пэўнага размеру і формы, неабходны для набору якога‑н. тэксту; сістэма рэльефных выпуклых літар, знакаў прыпынку ў пішучай машынцы. У кузаве ляжаў цэлы рулон газетнай паперы і скрынкі з шрыфтамі. Новікаў. // Характар, тып друкарскіх літар, а таксама іх адбітак. Дробны шрыфт. □ Ля кіёска тоўпіліся людзі, усхвалявана перачытвалі кароткае паведамленне, якое вылучалася на першай старонцы вялізным шрыфтам. Лынькоў.

2. Графічныя асаблівасці чыйго‑н. почырку; форма, рысунак, характар напісаных ці намаляваных літар. Звыкшыся крыху са шрыфтам, я чытаў новы верш лепш, чым першы. Бядуля.

•••

Гатычны шрыфт — шрыфт, які характарызуецца вузлаватасцю і зломам літар (ужываецца ў Германіі і некаторых іншых краінах).

Кампактны шрыфт — сціслы, дробны шрыфт.

Светлы шрыфт — друкарскі шрыфт з тонкімі лініямі літар.

[Ням. Schrift.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ва, -ы, мн. -ы, моў, ж.

1. Сродак падтрымання зносін паміж людзьмі і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам.

Беларуская м.

Класічныя мовы.

2. Сукупнасць пэўных сродкаў выражэння думкі, уласцівых індывідуальнай манеры пісьменніка; стыль.

М.

Янкі Купалы.

Літаратурная м.

3. Здольнасць гаварыць.

У хворага адняло мову.

4. Сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю.

М. лічбаў.

М. формул.

5. Асаблівасць маўлення, манера гаварыць.

Дзіцячая м.

6. адз., перан., чаго. Тое, што тлумачыць сабой што-н., паясняе.

М. фактаў.

Аналітычныя мовы — мовы, у якіх граматычныя адносіны выражаюцца службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш.

Жывая мова — мова, на якой гаворыць дадзены народ у дадзены перыяд.

Індаеўрапейскія мовы — мовы, што ўваходзяць у індаеўрапейскую сям’ю моў (славянскія, германскія, раманскія і інш.).

Мёртвая мова — старажытная мова, якая вядома толькі па пісьмовых помніках.

Эзопаўская мова — алегарычная мова, пры дапамозе якой хаваецца прамы сэнс выказвання.

Знайсці агульную мову — прыйсці да згоды.

|| прым. мо́ўны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

набра́ць, -бяру́, -бярэ́ш, -бярэ́; -бяро́м, -бераце́, -бяру́ць; -бяры́; -бра́ны; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго-н.; назбіраць.

Н. кніг у бібліятэцы.

Н. кош грыбоў.

2. Зачарпнуць, напоўніць чым-н.

Н. вады ў вёдры.

3. каго-што. Наняць, прыняць.

Н. рабочых.

Н. вучняў.

4. што. Скласці з друкарскіх літар тэкст або надрукаваць яго пры дапамозе камп’ютара.

5. што. Саставіць з некалькіх лічбаў, знакаў.

Н. нумар тэлефона.

6. што і чаго. Дасягнуць якой-н. ступені ў сваім развіцці, руху і г.д.

Самалёт набраў вышыню.

Н. хуткасць.

7. што і чаго. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад.

Н. дзесяць балаў.

8. чаго. Купіць, набыць.

Н. тканіны на сукенку.

Набраць сабе ў галаву (разм.) — умацавацца ў якой-н. думцы, многа думаць пра што-н.

|| незак. набіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. набіра́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.).

|| наз. набо́р, -у, м. (да 1—6 знач.).

Здаць кнігу ў н.

Н. у ліцэй.

Н. вышыні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дроб 1, ‑у, м.

Разм. Кавалачак чаго‑н.; драбок. Дроб цукру. □ Ганька паспешна снедае. Паспешна кладзе ў сваю торбачку, поруч з букваром, загорнуты ў капусны ліст дроб сыру з хлебам. Васілевіч. [Яніна] адрэзваг ладны дроб сала. Мурашка.

дроб 2, ‑у; мн. дробы, ‑аў; м.

Лік, які складаецца з пэўнай колькасці роўных частак адзінкі. Вывучаць дробы. Множанне дробаў.

•••

Бесканечны дзесятковы дроб — дроб з неабмежаванай колькасцю дзесятковых знакаў.

Дзесятковы дроб — дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10 (такі дроб запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку).

Няправільны дроб — дроб, у якім лічнік большы за назоўнік.

Перыядычны дроб — бесканечны дзесятковы дроб, у якім адна або некалькі лічбаў нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці.

Правільны дроб — дроб, у якім лічнік меншы за назоўнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)