ай, выкл.
Часта вымаўляецца з паўтарэннем: ай-ай і ай-ай-ай.
1. Выказвае боль, спалох, страх. Ай, баліць! Ай, баюся!
2. Выказвае здзіўленне, захапленне, радасць і пад. Вось дык дзеці! Ай, малайцы! Вока радуецца! Гурскі.
3. Выказвае жаль, засмучэнне і пад. Дайшла да.. [Журавінкі] ўчора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла! Што цяпер можна зрабіць? Лобан.
4. у знач. выкл. ах. Ай, як хораша ў лесе!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым.
Разм. Разлічыцца з кім‑н., аддаць доўг каму‑н. // перан. Пакончыць разлікі з кім‑, чым‑н., скончыць якую‑н. справу. Цяпер няма назад адходу! Скідай з дарогі перашкоду, Ні перад чым не запыняйся І з гэтай спадчынай сквітайся, Што асталася ад бацькоў — Зямелькі некалькі шматкоў. Колас. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Няхай, мы яшчэ з ім сквітаемся, — сказаў .. [Чыжык] на вялікае здзіўленне Зосі. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыкры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Не пакрыты зверху. На лузе заўсёды з калгаснікамі медфельчар — загадчык медпункта. У яго аптэчка, бінты, ён часам пакрыквае на тых, хто працуе з непрыкрытай галавою. Лупсякоў.
2. Які не абараняецца, пакінуты без прыкрыцця. Непрыкрытыя рубяжы.
3. перан. Які адразу адчуваецца, якога відаць; яўны, відавочны. Непрыкрытая беднасць. Непрыкрытая эксплуатацыя. □ У .. [ветры] было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя .. і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. што. Зрабіць, пабудаваць. Той госць, чужак, памог старому Зямлянку зладзіць у гары. Колас. // перан. Арганізаваць, зрабіць (банкет, вяселле і пад.). Яшчэ большы гонар займеў стары, калі сын на здзіўленне вяскоўцам з тутэйшай настаўніцай гладзіў вяселле. М. Стральцоў.
2. Справіцца, саўладаць з кім‑, чым‑н., даць рады каму‑н. — [Карней] баіцца, што Клаўдзя без яго з каровамі не зладзіць. Шамякін. Дождж прайшоў — І з сэрцам зладзіць цяжка: Птушкай рвецца ў чыстае раздолле! Гілевіч.
3. што. Зрабіць узгодненым, стройным. — А вы ўжо добра зладзілі свае галасы! — раптам кінуў Анатоль, узняўшы галаву. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пуці́на, ‑ы, ж.
1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».
2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ба 1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба 2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).
Ба 2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. bà, лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. bā, гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba 1 і ba 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ах, выкл.
1. Перадае спалох, нечаканае здзіўленне, неспадзяваную радасць і іншыя пачуцці; тое, што і вой. [Рыгорка:] — Ах, аладачкі якія вашы смачныя! Як вы іх рабілі? Краўчанка. Ах, як хораша жыць, Як хочацца жыць, Як прагне сэрца зорных начэй. Кірэенка. // Перадае здагадку, думку і пад., што прыйшло нечакана; тое, што і а 4 (у 1 знач.). Ах, прыпомніў: бачыў я калісьці На вайне дзяўчынку ў шынялі. Смагаровіч.
2. Перадае пачуццё гора, шкадавання. [Стасік:] — Ах, каб тут была мама! — Хлопчык азірнуўся назад, але мамы няма. Гарбук. // Перадае пачуццё абурэння, гневу. Ах, каб вас ваўкі з’елі — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даку́ка, ‑і, ДМ ‑куцы, ж.
Разм.
1. Турбота, клопат. Спіць дзіця, не ведае дакукі. □ — То перш трэба навучыцца, паважаная дзяўчына. Бо мне трэба такія, каб ужо працавалі. А то што ж — замест помачы я буду мець дакуку: абучаць вас. Скрыган.
2. Нуда, маркота. Працаваць адной — дакука, Кліча бабка ўнучку, унука — І палоць, і паліваць, Прарываць і аграбаць. Шушкевіч. Не пісьмы з нейкае дакукі Начамі піша чалавек. Ідзе па лесвіцы навукі, Не адстае: імклівы век. Бялевіч.
3. Зайздрасць, злосць, выкліканыя чым‑н. Другім добрым пластуном аказаўся камандзір падрыўной групы Гнядкоў і трэцім, на здзіўленне і дакуку маладзейшым, — стары Маеўскі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)