наскро́зь, прысл.
1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. Прарэзаць наскрозь. Прамокнуць наскрозь. □ Удары перуноў раз-поразу, здавалася, наскрозь прабівалі зямлю. Самуйлёнак. // Ад аднаго краю да другога, з канца ў канец. Прайсці лес наскрозь.
2. перан. Поўнасцю, цалкам. У гэту ноч туманы парк наскрозь Малочнымі заліт быў літарамі. Панчанка. Вось яны: землякі, беларускія людзі, Закаханыя ў працу, зямныя наскрозь. Звонак.
3. Разм. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І наскрозь — да відна, усю ноч Вартавога напружаны вочы, Бо гатова сцяжынка і корч Варушыцца, з гранатамі крочыць. Астрэйка.
•••
Бачыць наскрозь гл. бачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́ба, ‑ы, ж.
1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.
2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.
•••
Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажыве́ц, ‑жыўца, м.
1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».
2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.
3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чорнарабо́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выконвае цяжкую фізічную, некваліфікаваную ці брудную работу. Чорнарабочы чалавек.
2. у знач. наз. чорнарабо́чы, ‑ага, м.; чорнарабо́чая, ‑ай, ж. Рабочы (рабочая), які (якая) выконвае розную фізічную, некваліфікаваную, звычайна цяжкую і брудную, работу. У 1908 годзе Алесь паспяхова канчае школу і наймаецца чорнарабочым на лесапілку. Хведаровіч. Там і яна [маці] колькі гадоў працавала чорнарабочай на будоўлі. Марціновіч. // перан. Той (тая), хто выконвае чарнавую, карпатлівую работу, работу радавых удзельнікаў якой‑н. справы. Пыл славы не слепіць мне вочы, Пагардай не крывіцца рот — Паэзіі чорнарабочы, Я слаўлю рабочы народ. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.
1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.
2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзёрзкі, ‑ая, ‑ае.
1. Непачцівы, грубы; нахабна-задзірлівы. Дзёрзкі адказ. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. Часам на Ніка як бы нешта находзіла і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў.
2. Вельмі смелы, абыякавы да небяспекі. — Хто думае наступаць, той заўсёды клапоціцца наконт разведкі: мабільнай, гібкай, разумнай, а калі трэба — дзёрзкай. Алешка. // Поўны смелых, упэўненых парыванняў. Якая багатая ноч! І як добра, што я гашчу ў цябе, радзіма мая, — дзёрзкая, свежая і дужая, як маладосць. Скрыган. Нам партыя дала І смелы дзёрзкі розум, І дум высокі ўзлёт, І веліч ясных мэт. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.
Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непахі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.
2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.
1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.
2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.
3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)