нацэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Навесці зброю на якую‑н. цэль. Салдаты маланкай сіганулі ўбок і заляглі.., нацэліўшы вінтоўкі на дзверы. Лынькоў. Падбег фашыст,.. пацэліў сваю кароткую стрэльбу, і ўсе жанчыны пабеглі прэч. Маўр. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. [Вавёрка] даўно заўважыла чалавека. Прыціхла, нацэліла свае вочкі-вішанькі і сочыць! Кандрусевіч.

2. перан.; каго-што. Даць пэўны напрамак, накіраваць да якой‑н. мэты. Нацэліць на дасягненне высокіх паказчыкаў у працы. □ Хлопцы разлажылі на стале карту. Куды нацэлілі сваю армію партызанскія генералы? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Штурхаць, разварушваць каго‑н., прымушаючы ачнуцца, прыйсці да памяці. Галя катурхала Вадзімку і не магла ніяк узбудзіць, здаецца, ён і прачынаўся ўжо, але адразу ж, як Галя адымала рукі, ён зноў падаў. Сабаленка. Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // перан. Разм. Узбуджаць, узрушаць, актывізаваць. Умела і паспяхова вёў агітацыю Татарынчык не толькі сярод старэйшых капылянцаў, ён знаходзіў дарогу і да сэрцаў іх дзяцей, асцярожна катурхаў іх думкі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. што. Зрабіць роўным, гладкім. Параўнаваць асфальт катком. □ Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць. Чарнышэвіч.

2. што. Зрабіць роўным, аднолькавым па даўжыні, вышыні і пад. Параўнаваць канцы вяроўкі. // перан.; каго. Зрабіць аднолькавымі, падобнымі ў чым.‑н. — А цяпер жа ні беднякоў, ні сераднякоў, ні заможнікаў, усіх параўнаваў калгас. Мурашка.

параўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.

Раўнаваць некаторы час (гл. раўнаваць ​2). [Ніна:] Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.

2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.

1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.

2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).

3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.

4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Успрыняць слыхам. Праслухаць оперу. Праслухаць прамову. Праслухаць лектара.

2. што. Прайсці курс якой‑н. навукі, слухаючы лекцыі. Праслухаць курс батанікі. Праслухаць курс літаратуры.

3. каго-што. Абследаваць, вызначыць на слых стан якога‑н. унутранага органа. Праслухаць лёгкія. Праслухаць хворага.

4. што. Не пачуць, прапусціць. Прыліп на месцы і Паўлюк, нават пабаяўся павярнуцца, каб раптам не праслухаць галоўнага. Шамякін.

5. Выведаць што‑н. Праслухаць аб прыездзе артыстаў.

6. што і без дап. Слухаць некаторы час. Праслухаць дзве гадзіны радыё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.

2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трохі засушыць, зрабіць сухаватым; падсушыць. Агонь прысушыў лісце блізкіх дрэў. / у безас. ужыв. — У «Кастрычніку» не прысушыла, а ў цябе прысушыла? Паехаў бы паглядзеў, што за жыта. Лобан.

2. Абл. Паводле забабонаў — прыманіць варажбой; прываражыць. // Прымусіць каго‑н. мучыцца і сохнуць ад кахання. — Мяне прысушыла і сама сохнеш, а дзе нам дзецца, калі твае на мяне ваўкамі глядзяць. Грахоўскі. Алена — адна з зарачанскіх красунь, што прысушыла не адно хлапечае сэрца. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхі́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто прытрымліваецца якіх‑н. поглядаў, ідэй; прыхільна адносіцца да каго‑, чаго‑н.; паслядоўнік. Кангрэс прыхільнікаў міру. Прыхільнікі рамантызму ў мастацтве. □ Іван Дамінікавіч спакваля, ціха адказаў: — Я лепш пераеду вось у гэты дом, — і ён паказаў на прыгожы ансамбль сяміпавярховых будынкаў. — Тут і ванна будзе, і ліфт, і гарачая вада. Адным словам, я не прыхільнік індывідуальнай хутарской гаспадаркі. Хведаровіч.

2. Той, хто выказвае сімпатыі, прыхільнасць да каго‑н.; паклоннік. Насустрач Мечык. Вася Мечык — Яе [Аксаны] прыхільнік, лепшы друг. Гатовы да любых паслуг. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)