Рэ́піць ’заўзята, з захапленнем граць, скакаць’ (Сцяшк. МГ). Ад рыпаць2 (гл.). Чаргаванне ы : э, магчыма, пад уплывам польск. rzępolić ’кепска граць на скрыпцы’, rzępak ’музыка’, rzępolą ’той, хто кепска грае на скрыпцы’. Польскія словы Брукнер звязвае з rząp ’хвасцец, зад’ (Брукнер, 474), што неверагодна. Можна таксама дапусціць уплыў назвы народнага танца Рэпка > рэпіць ’скакаць або граць Рэпку’ > ’граць, скакаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саво́сы: в савосы ’дамоў, да хаты’ (Нас.). На думку Насовіча (571) гэта скажонае рус. восвоя́си, што выклікае сумненні з фанетычнага боку. Лепей тут бачыць уплыў літ. sãvas ’свой’ або ўтварэнне ад таго ж літоўскага слова з суф. ‑ос (як дзівосы). Аб гэтым суф. гл. Карскі 2–3, 31. Цвяткоў (Запіскі, 2, 51) прыводзіць у якасці паралелі серб. сав ’увесь’ і падтрымлівае этымалогію Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапе́рнік ’той, хто імкнецца перамагчы каго-небудзь, дабіваючыся адной і той жа мэты’ (ТСБМ). Рус. сопе́рник, ст.-рус. супьрь, польск. sąpierz, чэш. soupeř ’праціўнік’, славац. súper, серб.-харв. су́па̑рни̑к ’тс’, славен. sọ̑pər, zọ̑pər ’насустрач’. Ад *супьрь або *супьрьн‑, якія ў сваю чаргу ад *sǫ‑ ’с’ і *pertі ’біць, цясніць, упірацца’ (гл. перці) (Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 718; Махэк₂, 495).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасу́д ’трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа; у раслін — трубка, па якой праходзяць вільгаць з растворанымі мінеральнымі салямі і іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), сасу́д, сасу́да ’тс’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. сосудъ, судъ ’чаша, судзіна’ (Альтбаўэр). Мажліва паўторнае запазычанне з рус. сосу́д (Крукоўскі, Уплыў, 56), дзе з *sъ + *sǫdъ; гл. суд2 (Фасмер, 3, 728).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Святлі́ца ‘светлы чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ, Шат., Касп., Бяльк.; віц., Хрэст. дыял.), светлі́ца ‘светлая, прасторная хата’ (ТС). Укр. светли́ця, рус. светли́ца, польск. świetlica, чэш. světnice, ст.-чэш. svět(l)nice ‘тс’. Ад светлы (гл.), г. зн. ‘хата або пакой, дзе не было печы ў процілегласць “курной” хаце’; гл. Брукнер, 535; Махэк₂, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сена́т ‘савет старэйшын, вышэйшы орган дзяржаўнай улады’ (ТСБМ), сэна́т ‘тс’ (Некр. і Байк.), сано́т (Рам. 4). Новае запазычанне з рус. сена́т ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 81) або з польск. senat ‘тс’, якія праз ням. Senat з лац. senātus ‘савет старэйшын’ < senex ‘старац’; гл. Фасмер, 3, 601. Ст.-бел. сенатъ, санатъ, сэнатъ з польск. senat < лац. senātus ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сна́дна ‘зручна, выгадна’, сна́дны ‘выгодны’ (Нас.), сюды ж сна́дні ‘добра’ (Мат. Маг.), ст.-бел. снадный ‘зручны, выгадны, лёгкі’, дыял. укр. сна́дний ‘лёгкі, падатлівы, шчодры’, рус. смал. сна́дный ‘выкананы старанна і дакладна; акуратны’. З польск. snadny ‘лёгкі’, snadnie ‘зручна, лёгка’ (Карскі, Белорусы, 149). Борысь (SEK, 4, 336) заходнеславянскія формы ўзводзіць да прасл. *snadьno, з якога *snadьnъ ад назоўніка або прыслоўя *snadь, гл. снадзь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стату́т ‘кодэкс, звод законаў’, ‘звод правілаў, палажэнняў’ (ТСБМ, Стан., Гарэц.), ‘перашкода, супынак’ (Нас.), ста́тут ‘аснова дзейнасці арганізацыі, таварыства і інш.’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. статутъ ‘кодэкс, звод законаў’. Запазычана праз польск. statut ‘тс’ (параўн.: “ustawy… łacińskim językiem pisane, statutami zowią”, Варш. сл., 6, 406) або непасрэдна з лац. statutum ‘правіла’, першапачаткова ‘тое, што ўстаноўлена’ (ад statuere ‘паставіць, учыніць’, роднаснага *stati, гл. стаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трусы́, тру́сікі ‘прыналежнасць мужчынскай або жаночай бялізны’, ‘спартыўныя кароткія штаны, трусы’ (ТСБМ), trusy ‘тс’ (Брасл. сл.), трусэ́ (шчуч., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне праз рус. трусы выводзяць са старога франц. trousses ‘кароткія шаравары’ (ЕСУМ, 5, 658; Арол, 4, 109). Трубачоў у Фасмера (4, 110) выводзіць рускае слова з англ. trousers ‘штаны’, што дало першапачатковае рус. тру́сики, адкуль другаснае трусы (Ніканаў, Этимология–1967, 100).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)