фарма́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да формы (у 3 знач.), абумоўлены формай. Фармальны пачатак у навуцы. Фармальная логіка.

2. Звязаны з формай (у 5 знач.). Можна было б яшчэ многа сказаць пра фармальныя асаблівасці «Безназоўнага». Бярозкін. З найбольшай выразнасцю выявілася .. [творчая манера М. Багдановіча] .. у фармальных пошуках паэта, у тых вершах, якімі ён рабіў класічныя традыцыі майстэрства сусветнай паэзіі здабыткам роднай літаратуры. Лойка. // Які падае галоўнае значэнне форме (у 5 знач.); фармалістычны. Фармальнае наватарства.

3. Зроблены па форме (у 7 знач.); афіцыйны, законны. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, .. рушыў на двор ратушы. Чорны. [Клава:] — Ці зарэгістраваны ты? Калі не, дык гэта не страшна. Фармальнага поваду няма... Асіпенка. [Вэсман:] Калі яго [Азорыча] дзяўчына апазнае І дасць пры пэўных сведках паказанні, Што ён ёй перадаў якіясь весткі, Мы будзем мець фармальную прычыну Вініць палоннага ў шпіянажы. Глебка. // Напісаны па форме (пра які‑н. дакумент). [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі... Ты, дзед, скідаць паможаш рэйкі. Клімковіч.

4. Такі, дзе захавана толькі знешняя форма; які не паказвае сутнасці справы; бюракратычны. Дзерашу варожы фармальны падыход да справы. Арабей. // Які існуе толькі па форме, для выгляду. Фармальная самастойнасць. □ Веды бываюць розныя, фармальныя і глыбокія, самастойна вынашаныя. «Маладосць».

5. Звязаны з формай (у 11 знач.). Фармальнае значэнне слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.

2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.

3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

поко́й м.

1. спако́й, -ко́ю м., супако́й, -ко́ю м.; (тишина) цішыня́, -ні́ ж.;

те́ло в состоя́нии поко́я физ. це́ла ў ста́не спако́ю;

наруша́ть поко́й паруша́ць спако́й;

ночно́й поко́й (приро́ды) начны́ спако́й, начна́я цішыня́;

2. (отдых) спачы́н, -ну м., спачы́нак, -нку м.;

удали́ться на поко́й пайсці́ на спачы́нак;

3. (комната) уст. пако́й, -ко́я м.;

приёмный поко́й прыёмны пако́й;

не дава́ть поко́я не дава́ць спако́ю;

оста́вить в поко́е пакі́нуць у спако́і;

не име́ть поко́я не мець спако́ю;

не знать поко́я не ве́даць спако́ю;

ве́чный поко́й ве́чны спако́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пра́воI в разн. знач. пра́ва, -ва ср.;

всео́бщее избира́тельное пра́во усеагу́льнае вы́барчае пра́ва;

пра́во на труд, на о́тдых, на образова́ние пра́ва на пра́цу, на адпачы́нак, на адука́цыю;

име́ть пра́во мець пра́ва;

води́тельские права́ вадзі́цельскія правы́, правы́ кіро́ўцы;

по пра́ву па пра́ве;

с по́лным пра́вом з по́ўным пра́вам;

в пра́ве ма́ю (ма́еш, ма́е) пра́ва, ма́юць правы́;

на права́х (кого, чего) на права́х (каго, чаго);

вступи́ть в свои́ права́ уступі́ць у свае́ правы́;

на пти́чьих права́х на птушы́ных права́х;

на ра́вных права́х на ро́ўных права́х.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

су́вязь ж.

1. в разн. знач. связь; (взаимные отношения — ещё) обще́ние ср.; (средство общения — ещё) сообще́ние ср.;

с. тэо́рыі і пра́ктыкі — связь тео́рии и пра́ктики;

прычы́нная с. — причи́нная связь;

гаспада́рчая і культу́рная с. памі́ж го́радам і вёскай — хозя́йственная и культу́рная связь ме́жду го́родом и дере́вней;

це́сная с. — те́сная связь; те́сное обще́ние;

тэлефо́нная с. — телефо́нная связь; телефо́нное сообще́ние;

вы́йсці (выхо́дзіць) на с. — вы́йти (выходи́ть) на связь;

2. только мн. свя́зи;

мець вялі́кія ~зі — име́ть больши́е свя́зи;

адваро́тная с. — обра́тная связь;

хады́ ~зі — ходы́ сообще́ния;

у ~зі з чым — в связи́ с чем;

жыва́я с. — (чаго) жива́я связь (чего)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Не́жыт ’насмарк’ (драг., Жыв. сл.), нэ́жыць, ныжы́д ’тс’ (брэсц., Сіг.; Мат. Брэст.), нёжыт ’высыпка на целе ў дзіцяці’ (петрык., Шатал.), нежы́тоўка ’вялікая скула’ (лунін., Шатал.); ’скула, скулка’ (ТС), укр. не́жит, не́жить, не́жид ’насмарк’, рус. не́жить ’сукравіца’, не́жид ’насмарк; сукравіца ў нябожчыкаў’, польск. nieżyt ’катар; боль; нарыў’, чэш. nežit, neżid ’фурункул’, серб.-харв. neżit, neżid ’абсцэс у вуху’, neżić ’тс’, балг. нежит ’запаленне дзёснаў’, не́жет ’рана на дзёснах, рана на вымені’ (радоп.). Шырокае распаўсюджанне сведчыць аб праславянскім паходжанні слова; звычайна разглядаецца як вытворнае ад *žiti ’жыць’, параўн. Махэк2, 393, які на падставе чаргавання ži‑/goi‑ (параўн. зажыцьзагаі́цца, аб ране) выводзіць зыходнае значэнне ’язва, якая не гоіцца’; формы з -d тлумачацца ад’ідэацыяй да žid (жыд); Скок, 3, 682 лічыць слова аднаго паходжання з фальклорным nežitak ’чорт, злы дух, які пасяляецца ў галаве’, адкуль і назва хваробы; параўн. таксама паўночнарускую агульную назву нячыстай сілы — не́жить (гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 67). Прынцыповую магчымасць такіх утварэнняў дэманструе не́жыцё ’ліхая доля, кепскае жыццё’ (слонім., Нар. словатв.), серб.-харв. nežitak ’неспакой, хваляванне, сварка’ і пад. Разам з тым нельга не звярнуць увагу на блізкасць да разглядаемых слоў літ. niežas ’сверб’, niežai ’кароста’, niẽžė́ti ’cвярбець, часацца’, man nosi niẽzė́ti ’ў мяне свярбіць нос’ і г. д., параўн. балг. радоп. нежети са ’загнойвацца (пра рану)’, тлумачэнне Герава да назвы хваробы нежит: «дзёсны зубоў робяцца чырвонымі і свярбяць» (Гераў, 6, 228, 314). З улікам гэтага збліжэнне з *živeti можа мець народнаэтымалагічны і другасны характар. На гэтым фоне спроба вывесці ст.-бел. нежитъ ’катар, фурункул’ (з 1517 г.) са ст.-польск. nieżyt ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 130) здаецца непераканальнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́раст ’нераставанне’ (Яруш., Сцяшк., Шат., Сл. ПЗБ, ТСБМ), тое ж не́рас, на́раст, но́раст, нэ́раст (Сл. ПЗБ; полац., З нар. сл., Касп.), не́раст ’час нераставання’ (Гарэц.), не́рэс, не́рэст ’нераст, нерасцілішча’ (ТС); сюды ж нерастава́ць, нарастава́ць ’адкладваць ікру’ (Шат., Сл. ПЗБ), нерэсці́цца ’тс’ (ТС), укр. не́ресть ’нераставанне’, рус. нерест, нерост, нерс, норост, нересть ’тс’, нереститься, не́рститься, норости́ться ’нераставаць’, польск. mrzost, mrzoszczyć się, каш. nėrx, н.-луж. nerek, в.-луж. ńerk, ст.-чэш. neřest, славац. neres(ť), славен. mrȇst, drȇst, mrestiti se, drȇstiti se, серб.-харв. мре̑ст, мре́стити се, балг. мреет, мре́стя се, мак. мрести се. Прасл. *nerstъ, nerstiti (), роднаснае літ. ner̃šti, лат. nḗrst ’адкладваць ікру’, з чаргаваннем галосных, літ. nar̃šas ’ікра’, лат. nársts ’нераставанне, спарванне’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы *nors‑ (Зубаты, 1, 2, 108–109; Фасмер, 3, 65; Махэк, 396; Бязлай, 2, 200; Шустар-Шэўц, 13, 996). Гл. таксама Атрэмбскі, Slavia, 19. 74–75; Голамб, Палянскі, Slavia, 29, 528; Атрэмбскі, WSl, 10, 273–274. Варбат (ОЛА, 1975, 129–140) прапануе гіпотэзу аб роднасці балтаславянскага *ners‑ (< і.-е. ners‑, насуперак Міклашыч, 213; Буга, 2, 504, з *nerk‑), рус. не́ршиться ’нераставаць’ і но́рохтитьсямець намер, жаданне да чаго-небудзь; спрабаваць, рабіць спробу што-небудзь зрабіць’. Гл. таксама Шаў, Slavia, 49, 208–214; SP (Brno) 25, 332–237; Лаўчутэ, Балтизмы, 146 («сумніцельны балтызм»). Паводле Бязлая (2, 200), семантыка слоў з асновай *ners‑, *nors‑ у славянскіх мовах служыць для абазначэння апладнення ў рыб, жаб і птушак; у гэтай сувязі выклікае цікавасць значэнне тур. не́рэс ’гон’: Грыб у ве́рэс, заец на нерэ́с (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)